Мінск 13:42

Іміграцыйная і мытная служба ЗША затрымала не менш як 9 беларусаў пасля выкліку на праверку — АБА

Іміграцыйны цэнтр Блубонет у Ансане, штат Тэхас
Ілюстрацыйнае фота: ІМС ЗША

18 верасня, Позірк. Не менш як 9 беларусаў, выкліканых для чарговай “адзнакі” ў Іміграцыйную і мытную службу (ІМС) ЗША, былі затрыманыя і змешчаныя ў спецыяльныя цэнтры, у дачыненні да іх праводзіцца праверка. Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы (АБА) паведаміла пра гэта 17 верасня, калі ёй стала вядома пра чарговы такі выпадак.

“Калі вы падаліся на палітычны прытулак у ЗША і чакаеце суда і вас выклікаюць з любой прычыны ў ІМС або Службу па грамадзянстве і міграцыі, то існуе рызыка, што вас могуць “змясціць у “дзетэншн” (detention center — іміграцыйны цэнтр. — “Позірк”.), дзе вы не будзе мець доступу да інтэрнэту для падрыхтоўкі кейса, цяжка будзе паведаміць родным і сябрам пра сітуацыю, можа быць страчаны час для працы з адвакатам, не будзе доступу да лекаў”, — папярэдзіла арганізацыя.

У сваім паведамленні АБА дала падрабязныя рэкамендацыі беларусам, якіх патэнцыйна можа закрануць такая сітуацыя.

8 верасня амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі папярэдзіла пра наступствы парушэння тэрмінаў легальнага знаходжання на амерыканскай тэрыторыі.

“Выконвайце ўмовы вашай візы ў ЗША і не перавышайце дазволены тэрмін знаходжання, — заклікала дыпламатычнае прадстаўніцтва. — Знаходжанне ў ЗША пасля даты, пазначанай у форме I-94 (Admit Until Date), можа мець сур’ёзныя наступствы, такія як ануляванне візы, магчымая дэпартацыя і адмова ў выдачы віз у будучыні. Перавышэнне тэрміну знаходжання можа назаўжды паўплываць на вашу магчымасць падарожнічаць, вучыцца ці працаваць у ЗША”.

У картцы, якая суправаджае тэкставае папярэджанне, адзначана, што калі тая ці іншая асоба не пакіне ЗША ў вызначаны тэрмін або парушыць умовы візы, гэта можа прывесці “да яе анулявання, абмежаванняў на ўезд і сур’ёзных юрыдычных наступстваў”.

Падзяліцца: