Мінск 07:28

Прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці заявіў на БТ пра “акупацыю Украінай“

17 верасня, Позірк. “Больш за палову” тэрыторыі Херсонскай вобласці “знаходзіцца пад акупацыяй Украіны“, заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1“ “намеснік губернатара“ акупаванай Расіяй часткі рэгіёну Уладзімір Бадэлан.

“Правабярэжжа [ракі Дняпро], дзе сканцэнтраваная значная частка магутнасцяў, порт Херсона, сам горад Херсон, усё яшчэ знаходзіцца пад акупацыяй Украіны, таму нам яшчэ трэба будзе яго вызваляць“, — заявіў ён.

Паводле слоў Бадэлана, левабярэжная частка — “спрадвечна сельскагаспадарчыя землі“, для апрацоўкі якіх “патрабуецца прафесійная тэхніка“ з наступным абслугоўваннем: “А да каго, як не да брацкага народа, нам звяртацца па дапамогу, па падказкі, па камунікацыі, тым больш што мы гатовыя прапанаваць свае магутнасці, сельскагаспадарчыя тэрыторыі?“

Паводле сцвярджэння прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі, “беларускі, рускі і ўкраінскі народы на працягу ўсёй гісторыі станавіліся маналітам супраць любога ворага, заўсёды з’яўляліся адным цэлым народам“, які “нельга раз’яднаць”.

Неабходна “ператрываць“ цяперашнія падзеі, пасля якіх “нашы народы“ зноўку “пакажуць сваё адзінства і будуць адзін для аднаго вельмі магутнай апорай”, лічыць калабарант. Ён назваў Херсонскую вобласць “брамай у рынак Расіі”.

Бадэлан наведаў Мінск другі раз, папярэдні візіт адбыўся ў красавіку.

Аляксандр Лукашэнка 15 верасня на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком акупаванай Расіяй часткі Херсонскай вобласці Украіны Уладзімірам Сальда заявіў: “Мы ўсяляк будзем спрыяць развіццю вашай вобласці. Настолькі, наколькі мы гэта зможам”.

МЗС Украіны, рэагуючы на згаданую сустрэчу, назваў яе “чарговай праявай грубай пагарды суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны, усяго ўкраінскага народа“. “Ганебным з’яўляецца не толькі факт сустрэчы, але і выказванні Аляксандра Лукашэнкі аб акупаванай частцы Херсонскай вобласці як нібыта “новым рэгіёне“ Расіі, гатоўнасць садзейнічаць умацаванню акупацыйнага рэжыму і развіваць гандаль з акупантамі“, — падкрэслівалася ў заяве ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства.

50-гадовы Уладзімір Бадэлан нарадзіўся ў Адэсе. Сын экс-губернатара вобласці і былога мэра горада Руслана Бадэлана. Узначальваў Адэскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях.

Пасля пажару ў мясцовым Доме прафсаюзаў 2 мая 2014 года быў адхілены ад працы, на яго была заведзеная крымінальная справа па ч. 3 арт. 135 КК (пакіданне ў небяспецы, якое прывяло да смерці або іншых цяжкіх наступстваў). Быў абвешчаны ў вышук ва Украіне, атрымаў расійскае грамадзянства і пераехаў у анэксаваны РФ Крым.

30 верасня 2022 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з акупацыйнымі ўладамі на захопленых РФ тэрыторыях Украіны.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі яе падтрымлівае.

Падзяліцца: