Мінск 15:05

“Вясна” спадзяецца, што яе супрацоўніца Рабкова будзе вызваленая ў межах здзелкі з Трампам

Акцыя салідарнасці з Марфай Рабковай (Вільнюс, 17 верасня 2025 года)
Фота: "Позірк"

17 верасня, Позірк. Акцыя салідарнасці з затрыманай роўна пяць гадоў таму Марфай Рабковай — каардынатарам валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” — адбылася 17 верасня ў цэнтры Вільнюса.

Удзельнікі акцыі вышыхтаваліся на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў літоўскай сталіцы з фотаздымкамі Рабковай, якія разам утварылі заклік “Free Marfa” (“Волю Марфе”).

Член часовай рады цэнтра “Вясна” юрыст Павел Сапелка ў размове з “Позіркам” адзначыў, што з Рабковай, “на жаль, тая ж самая сітуацыя, што і амаль з усімі беларускімі палітзняволенымі”.

“Нават тое, што мы ведаем пра Марфу, не можам казаць, у тым ліку таму, што яе стан можа пагоршыцца, гэта можа паўплываць на яе сітуацыю ў калоніі. Зараз яна ў калоніі № 4 у Гомелі”, — адзначыў ён.

На пытанне, ці маецца спадзеў, што чарговыя хвалі вызвалення палітвязняў закрануць у тым ліку прадстаўнікоў “Вясны” і Рабкову ў прыватнасці, Сапелка адказаў: “Гэта амаль адзіная магчымасць для Марфы выйсці на волю раней за той цмокаў тэрмін, які быў ёй прызначаны судом”.

“Мы вельмі спадзяемся, што яна ўвойдзе ў той шэраг людзей, якіх вызваляць паводле так званай здзелкі [Аляксандра Лукашэнкі] з [прэзідэнтам ЗША Дональдам] Трампам”, — заявіў ён.

Акцыя салідарнасці з Марфай Рабковай (Вільнюс, 17 верасня 2025 года)
Фота: "Позірк"

Кажучы пра тое, як затрыманне адбілася на працы валанцёрскай службы “Вясны” і праваабарончым руху агулам, член часовай рады арганізацыі адзначыў: “Безумоўна, тое што нехта з “Вясны” трапляе за краты, гэта аслабляе арганізацыю, што натуральна”. “Кожны з тых, хто цяпер за кратамі, — гэта вельмі каштоўны і актыўны член “Вясны”. Але мы намагаемся зрабіць так, каб наша праца заставалася па-ранейшаму актыўнай. У гэтым мы бачым сваю місію — працаваць за сябе і за тых, хто зараз за кратамі”, — падкрэсліў Сапелка.

Каардынатар валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Праз два гады, 6 верасня 2022-га, яе прыгаварылі да 15 гадоў зняволення па палітычна матываванай “справе анархістаў” (па выніках разгляду скаргі тэрмін быў скарочаны да 14 гадоў і 9 месяцаў).

Затрыманы 2 кастрычніка 2020 года валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк, які праходзіў па той жа справе, быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі (пазней тэрмін зменшылі на 3 месяцы). У красавіку 2025 года Чапюк выйшаў на волю і пакінуў Беларусь.

У няволі застаюцца затрыманыя 14 ліпеня 2021 года кіраўнік цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы пра “кантрабанду грошай” і “фінансаванне парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.

У жніўні 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “Вясну” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Сёлета ў лютым у выніку кантактаў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Лукашэнкам былі вызваленыя трое палітвязняў, у чэрвені — яшчэ 14 чалавек (пераважна асуджаных з палітычных матываў), у тым ліку муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай відэаблогер і палітычны актывіст Сяргей Ціханоўскі, у верасні — 52 (адзін з вызваленых, палітык Мікалай Статкевіч, адмовіўся пакідаць краіну і вярнуўся ў Беларусь з мяжы з Літвой. З тае пары яго дакладнае месцазнаходжанне невядомае; яго атачэнне не выключае, што ён вернуты ў калонію).

Падзяліцца: