Ціханоўская пра памілаванне 25 чалавек: Трэба вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў

16 верасня, Позірк. “Словы аб народным адзінстве выглядаюць супярэчліва, калі рэжым штучна падзяляе людзей, кідае іх за краты за выказванне меркаванняў на доўгія гады, а потым вызваляе, а некаторых прымушае пакідаць сваю краіну”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы рашэнне Аляксандра Лукашэнкі пра памілаванне 25 зняволеных.
“Сапраўднае адзінства беларусаў можа быць дасягнута толькі праз свабоду, павагу да чалавечай годнасці і нацыянальны дыялог”, — адзначыла палітык.
Яна выказала радасць “за ўсіх, хто ўжо ў хуткім часе зможа абняць і быць побач са сваімі роднымі, і атрымаць доступ да неабходнай медыцынскай дапамогі”
“Гэта важны гуманітарны крок, які павінен працягвацца. Трэба вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі. Сёння, паводле звестак праваабаронцаў, больш за 1.300 чалавек афіцыйна прызнаны палітвязнямі. І затрыманні паводле палітычных спраў працягваюцца”, — заявіла Ціханоўская.
Пра памілаванні 25 зняволеных, асуджаных “у тым ліку за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”, прэс-служба Лукашэнкі паведаміла 16 верасня. Адпаведны ўказ прымеркаваны да Дня народнага адзінства, які адзначаецца ўладамі.
Сярод памілаваных 12 жанчын і 13 мужчын; 19 чалавек ва ўзросце да 40 гадоў. Шмат у каго з іх ёсць дзеці, а адна асуджаная з’яўляецца шматдзетнай маці. Адзін з памілаваных учыніў злачынства ў непаўналетнім узросце.
Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца ў Беларусі з ліпеня 2024 года, калі праваабаронцы паведамлялі аб выхадзе 18 палітвязняў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заяўляў аб 14 вызваленых.
Усяго было 12 хваляў памілаванняў паводле ўказаў Лукашэнкі. У выніку на волю выйшла больш за 320 палітвязняў. Напрыклад, 2 ліпеня Лукашэнка вызваліў 16 зняволеных, якія ўчынілі “розныя злачынствы, у тым ліку экстрэмісцкай скіраванасці”, 7 траўня — 42 чалавекі, прымеркаваўшы гэта да 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне.
14 палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і замежных грамадзян, былі вызваленыя і вывезеныя за мяжу 21 чэрвеня. Аб іх памілаванні афіцыйна не паведамлялася.
Не паведамлялася пра адпаведны ўказ Лукашэнкі і пры вызваленні 11 верасня 52 зняволеных (у тым ліку 14 замежных грамадзян), якіх дэпартавалі ў Літву пасля сустрэчы ў той дзень у Мінску намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Лукашэнкам. Адзін з вызваленых, палітык Мікола Статкевіч, адмовіўся пакідаць краіну і вярнуўся ў Беларусь з мяжы. З таго часу яго дакладнае месцазнаходжанне невядомае.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства