Мінск 18:27

Журналіст Ігар Ільяш прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі

16 верасня, Позірк. Да чатырох гадоў пазбаўлення волі прыгавораны палітвязень журналіст Ігар Ільяш.

Паводле даных “Радыё Свабода”, такое рашэньне вынес Менгарсуд 16 верасня.

Аналагічнага пакарання патрабаваў пракурор.

Паводле інфармацыі са старонкі ў “Фэйсбуку“ вядомага ў мінулым журналіста Сяргея Ваганава – дзядулі жонкі Ільяша Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітвязні, гаворка пра калонію ўзмоцненага рэжыму.

Паводле слоў адваката, на якія спасылаецца Ваганаў, на працягу 10 дзён будзе пададзена апеляцыйная скарга ў Вярхоўны Суд.

“На гэты момант вядома толькі рэзалютыўная частка прыгавору, абвешчаная са згоды ўсіх бакоў. Аналіз прыгавору стане магчымым пасля азнаямлення з ім у поўным аб’ёме. Адзначу, што на сённяшнім пасяджэнні прысутнічалі журналісты газет New York Times і Guardian, часова акрэдытаваныя ў Беларусі”, — напісаў ён.

12 верасня Ільяш у апошнім слове ў судзе адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў, удакладніў Ваганаў. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Раней Ваганаў выказаў меркаванне, што экспертыза “не выявіла ніводнага ілжывага факту”, распаўсюджанага журналістам Ігарам Ільяшам.

Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд “заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы”, прагучала “абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах” загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта, доктара філалогіі Сяргея Лебея.

У якасці аргументаў эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшам у сваіх артыкулах тэрміна “палітвязні”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе, удакладніў Ваганаў.

Аб затрыманні Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор дадзеных для замежных разведак — даваў каментары ўкраінскім выданням”.

На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальную справу не атрымала.

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава) была затрымана разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак“ (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгаворана да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрымання восенню 2020 года.

20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прысуд у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” заменена на “шпіянаж”.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі знаходзіцца 27 прадстаўнікоў медыя Беларусі.

Падзяліцца: