Мінск 18:28

Былы намміністра фінансаў Татарыновіч абраны віцэ-спікерам Савета Рэспублікі

Фота: СР НС

16 верасня, Позірк. Намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) абраны 16 верасня Уладзіслаў Татарыновіч, паведамляе прэс-служба верхняй палаты парламента.

54-гадовы ўраджэнец вёскі Селішча Мінскага раёна скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

Працаваў у Міністэрстве фінансаў на розных пасадах з 1992 года, з 2009-га — намеснікам кіраўніка ведамства.

11 красавіка 2024 года прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам членам СР НС восьмага склікання, дзе пасля працаваў старшынём пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.

Паведамляецца, што ранейшы віцэ-спікер СР НС Сяргей Хаменка (таксама прызначаны Лукашэнкам) “вызвалены ад пасады паводле асабістай ініцыятывы — яго паўнамоцтвы як члена Савета Рэспублікі спыненыя”.

Да працы ў парламенце ён узначальваў Міністэрства юстыцыі. Менавіта пры ім былі ліквідаваныя сотні грамадскіх аб’яднанняў.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністр юстыцыі Хаменка спрагназаваў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі зменшыцца да “трох-чатырох”. У выніку на сённяшні дзень афіцыйна дзейнічаюць усяго чатыры праўладныя партыі: “Белая Русь”, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Камуністычная і Ліберальна-дэмакратычная партыі.

Падзяліцца: