Мінск 16:44

У ДТЗ каля Вілейкі пацярпела 13 чалавек

16 верасня, Позірк. 13 чалавек пацярпелі ў выніку ДТЗ ля Вілейкі (Мінская вобласць), паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Паводле інфармацыі МУС, 15 верасня каля 21 гадзіны 25-гадовы мінчанін, рухаючыся на аўтамабілі “УАЗ” з прычэпам, сутыкнуўся з сустрэчным мікрааўтобусам “Пежо”.

Ад удару мікрааўтобус з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. У “Пежо” знаходзілася 15 пасажыраў — работнікі аднаго з прадпрыемстваў Мінскага раёна. На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі ДАІ, МНС, медыкі, следча-аператыўная група.

12 з 13 пацярпелых дастаўлена ў мясцовую бальніцу, адзін пазней звярнуўся туды самастойна.

“На сённяшні момант восем чалавек шпіталізавана. Адзін пацярпелы знаходзіцца ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, чатыры пацыенты ў траўматалагічным аддзяленні і тры ў хірургічным. На амбулаторнае лячэнне накіравана пяць пацыентаў”, — адзначаецца ў рэлізе.

Для правядзення кансультацый і аказання дапамогі калегам у Вілейскую ЦРБ прыбылі спецыялісты абласнога ўзроўню.

Падзяліцца: