Мінск 16:38

Прэзідэнт Польшчы і кіраўнік МЗС КНР абмеркавалі бяспеку “ў кантэксце Беларусі”

16 верасня, Позірк. Аб важнасці развіцця эфектыўных і канкурэнтаздольных еўразійскіх транспартных калідораў і ключавой ролі Польшчы ў гэтым працэсе гаворыцца ў рэзюмэ чацвёртага пасяджэння польска-кітайскага міжурадавага камітэта, апублікаваным на сайце МЗС КНР.

Сустрэча з удзелам кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага і яго кітайскага калегі Ван І прайшла 15 верасня ў прыгарадзе Варшавы.

Бакі “прызналі выгады ад прадастаўлення ўзаемавыгадных паслуг па перавозцы грузаў чыгуначным, марскім і паветраным транспартам, а таксама ад умацавання існуючых і патэнцыйных маршрутаў і лагістычных ланцужкоў”, гаворыцца ў дакуменце.

Таксама Польшча і КНР выказалі гатоўнасць забяспечыць бяспеку і даступнасць чыгуначнага экспрэса “Кітай — Еўропа” (China-Europe Railway Express або Кітайска-еўрапейскі чыгуначны экспрэс).

Гэта сетка грузавых чыгуначных маршрутаў, якія злучаюць гарады Кітая з еўрапейскімі як хуткасная і надзейная альтэрнатыва марскім перавозкам. Частка маршрутаў праходзіць па тэрыторыі Беларусі, аднак Польшча з 10 верасьня закрыла чыгуначныя пераходы.

Кіраўнік МЗС КНР таксама сустрэўся з прэзідэнтам Каралем Наўроцкім. Паводле паведамлення кіраўніка знешнепалітычнага бюро прэзідэнта Польшчы Марцына Пшыдача, сярод іншага гаворка ішла аб “сітуацыі бяспекі ў рэгіёне Цэнтральнай Еўропы ў кантэксце Беларусі”.

Як паведамлялася, на сустрэчы з удзелам кіраўнікоў МЗС, якая прайшла напярэдадні, сярод іншага абмяркоўвалася закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Павел Уроньскі пасля польска-кітайскіх перамоваў заявіў, што ўрад Польшчы ў сваёй дзейнасці кіруецца меркаваннямі дзяржаўнай бяспекі, а не гандлёвымі выгодамі.

Уроньскі таксама адзначыў, што ў час перагавораў Сікорскага і Ван І закраналася тэма адносін Польшчы з Беларуссю і закрыцця пагранічных пераходаў: “Польшча ўказала Кітаю, што для нас гэта невыгодная сітуацыя”.

Паводле яго слоў, польскі бок “папярэдзіў кітайскіх партнёраў аб дэструктыўных дзеяннях Расіі”: “Мы спадзяемся, што гэтыя дзеянні Масквы і Мінска сустрэнуць процідзеянне з боку Кітая”.

Заявы міністраў, якія планаваліся пасля сустрэчы кіраўнікоў палітычных ведамстваў Польшчы і Кітая, былі адменены па просьбе кітайскага боку.

10 верасня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, каментуючы рашэнне аб закрыцці Польшчай з 12 верасня мяжы з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі “Захад-2025”, заявіў, у прыватнасці, што “практычна тры чвэрці грузаў”, якія перамяшчаюцца на Захад праз мяжу Беларусі і Польшчы, маюць “кітайскае паходжанне”. “Вось вам адказ, супраць каго накіравана ў тым ліку гэта рашэнне”, — сказаў ён.

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, у тым ліку адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, з 0 гадзін па польскім часе (1 гадзіна па мінскім часе) 12 верасня як мінімум на перыяд манеўраў.

Мяжа Беларусі з Польшчай выкарыстоўваецца Кітаем для транзіту сваіх тавараў у краіны Еўрасаюза. 24 чэрвеня 2024 года тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркаваў у Пекіне з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам крызіс на беларуска-польскай мяжы. Паводле Дуды, “гібрыдная атака” (так ён назваў спробы масавага пранікнення нелегалаў з трэціх краін з тэрыторыі Беларусі), што працягваюцца з вясны 2021 года, на мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Пояс і шлях”.

Падзяліцца: