Мінск 00:06

Туск паведаміў пра затрыманне ў Варшаве двух беларусаў, якія маюць дачыненне да запуску БПЛА над урадавымі будынкамі (дапоўнена)

Варшава
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 верасня, Позірк. Пра прымусовае прызямленне ў Варшаве беспілотнага лятальнага апарата паведаміў у сацсетцы Х 15 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Паводле яго слоў, беспілотнік быў “нейтралізаваны” супрацоўнікамі Службы дзяржаўнай аховы, дрон лётаў на ўрадавымі будынкамі і рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы.

“Затрыманыя двое грамадзян Беларусі. Паліцыя расследуе абставіны інцыдэнту”, — адзначыў Туск.

Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Туск заявіў, што “ўпершыню значная частка дронаў прыбыла наўпрост з Беларусі”.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка расійскіх дронаў прыляцела ў Польшчу праз Брэсцкую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамлялася аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.

Начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што “па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі [Беларусі] абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі”: “Тым самым апавясціўшы іх пра набліжэнне невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін”.

Варшава пазней пацвердзіла абмен інфармацыі з Мінскам.

Туск паведаміў пра 19 парушэнняў паветранай прасторы.

Падзяліцца: