Мінск 21:51

МЗС Украіны назваў “ганебнай” сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупаванай РФ часткі Херсонскай вобласці

Ілюстрацыя: pixabay.com

15 верасня, Позірк. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску з кіраўніком акупаванай Расіяй часткі Херсонскай вобласці Уладзімірам Сальда — “чарговая праява грубай пагарды суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны, усяго ўкраінскага народа”.

Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Украіны, апублікаванай 15 верасня на сайце ведамства.

“Ганебным з’яўляецца не толькі факт сустрэчы, але і выказванні Аляксандра Лукашэнкі аб акупаванай частцы Херсонскай вобласці як нібыта “новым рэгіёне” Расіі, гатоўнасці садзейнічаць умацаванню акупацыйнага рэжыму і развіваць гандаль з акупантамі”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Адзначаецца, што ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права “любыя здзелкі з акупацыйнымі рэжымамі з’яўляюцца нікчэмнымі і будуць мець выключна негатыўныя наступствы для Беларусі як дзяржавы”.

Украіна “пакідае за сабой права адэкватнага рэагавання з мэтай узмацнення санкцыйных рэжымаў і паглыблення міжнароднай ізаляцыі беларускага рэжыму за супрацьпраўныя дзеянні насуперак шматлікім рэзалюцыям Генеральнай асамблеі ААН”, падкрэслівае ведамства.

“Асаблівае здзіўленне выклікае трызненне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён “савецкі чалавек”, для якога Украіна і Херсоншчына таксама яго зямля. Нагадваем, што СССР ужо больш за тры дзесяцігоддзі знаходзіцца на сметніку гісторыі. Туды ж рана ці позна адправяцца і абодва настальгуючыя непрызнаныя дзеячы, якія сустракаліся сёння ў Мінску. Затое Украіна была, ёсць і будзе цэласнай у міжнароднапрызнаных межах”, — гаворыцца ў заяве.

На сустрэчы з Сальда 15 верасня Лукашэнка сярод іншага заявіў, што беларускія ўлады “ўсяляк гатовыя садзейнічаць <…> у будаўніцтве, развіцці сельскай гаспадаркі, пастаўцы неабходнай тэхнікі” і паабяцаў “усяляк спрыяць развіццю” акупаванага рэгіёну.

30 верасня 2022 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” пра ўваходжанне ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з акупацыйнымі ўладамі на захопленых РФ тэрыторыях Украіны.

На пачатку 2023 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі падаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: