Мінск 21:41

Ціханоўская абмеркавала са спікерам Сейма Літвы падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве з дэмсіламі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

15 верасня, Позірк. Магчымасць падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Сеймам Літвы і беларускімі дэмакратычнымі сіламі абмеркавала Святлана Ціханоўская з абраным 10 верасня спікерам літоўскага парламента Юозасам Алекасам.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, Алекас раней узначальваў у Сейме міжфракцыйную дэпутацкую групу “За дэмакратычную Беларусь”.

На сустрэчы дэмлідар падзякавала Літве, якая 11 верасня прыняла вызваленых беларускіх палітвязняў, “дапамагла ім на мяжы, аформіла неабходныя дакументы і аказала ўсебаковую падтрымку”.

Ціханоўская падкрэсліла важнасць захавання беларускага пытання ў еўрапейскім парадку дня і прапанавала правесці канферэнцыю высокага ўзроўню па Беларусі падчас будучага старшынства Літвы ў Савеце ЕС у першым паўгоддзі 2027 года.

Палітык таксама падзякавала літоўскаму боку за дазвол машынам з беларускімі нумарамі, якія вяртаюцца ў Беларусь, перасякаць літоўска-беларускую мяжу на час закрыцця Варшавай польска-беларускай мяжы.

“Мы высока цэнім падтрымку, якую Літва аказвае беларусам і нашым палітвязням. Важна, каб новая кіроўная кааліцыя ўбачыла ў беларусах не пагрозу, а магчымасць умацаваць дэмакратычныя каштоўнасці, умацаваць бяспеку ў рэгіёне і адкрыць новыя шляхі партнёрства”, — заявіла Ціханоўская.

Алекас на сустрэчы пацвердзіў, што тэма беларускіх палітвязняў “застаецца ў прыярытэце”.

Паводле яго слоў, прававое становішча беларусаў у краіне не пагоршыцца, Літва і надалей будзе дапамагаць ім у пытаннях легалізацыі, мабільнасці і інтэграцыі.

Паведамляецца, што 16 верасня ў Сейме Літвы пройдзе прэс-канферэнцыя з удзелам дэпартаваных палітвязняў, у ёй возьме ўдзел спікер парламента.

Акрамя таго, абмяркоўваецца арганізацыя выставы, прымеркаванай да дня нараджэння палітвязня, праваабаронцы, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага (25 верасня).

Падзяліцца: