Мінск 18:15

Пасля заканчэння вучэнняў “Захад-2025” Літва некалькі тыдняў будзе назіраць за сітуацыяй у Беларусі — міністр абароны краіны

15 верасня, Позірк. Пасля завяршэння актыўнай фазы вучэнняў “Захад-2025” Літва яшчэ “некалькі тыдняў” будзе сачыць за тым, як “адбываецца вяртанне войскаў у пастаянныя часці ў Расіі і Беларусі”, заявіла міністр абароны гэтай краіны Давіле Шакалене.

“Адчувальнасьць палягае ў тым, што, калі пасьля вучэньняў “Захад” не будзе ажыццёўлена вяртанне расійскіх і беларускіх сіл у іх зыходныя падраздзяленні, гэта можа выклікаць пытанні адносна іх планаў. Гэта можа разглядацца як павышаны фактар рызыкі”, — цытуе міністра Delfi.

Шакалене адзначыла, што цяпер у літоўскага боку няма інфармацыі пра тое, што войскі пасля вучэнняў не будуць выведзеныя з палігонаў. “Але мы, напэўна, усе выдатна разумеем, што некаторыя рэчы проста патрабуюць фізічнай праверкі. Таму мы будзем за імі сачыць”, — падкрэсліла кіраўніца ведамства.

Як паведаміў начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Рустам Любаеў, “першыя выходныя актыўнай фазы вучэнняў “Захад” прайшлі на мяжы адносна спакойна, як у плане нелегальнай міграцыі, так і ў плане розных здарэнняў на дзяржаўнай мяжы”, не зафіксавана ніякай падвышанай актыўнасці на межах з Беларуссю і РФ.

“Што тычыцца нелегальнай міграцыі, то яе патокаў таксама не зафіксавана. Можна было б сцвярджаць, што менавіта ў перыяд вучэнняў патокі нелегальнай міграцыі на мяжы з Беларуссю скараціліся”, — адзначыў спікер, дадаўшы пры гэтым, што напружанасць захоўваецца, а патокі нелегальнай міграцыі “сапраўды застаюцца досыць вялікімі”.

15 верасня кіраўнік Нацыянальнага цэнтра ўпраўлення крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас заявіў, што пасля пачатку беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025” маштабы інфармацыйнага ціску на Літву павялічыліся амаль у 10 разоў.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў. Раней паведамлялася, што падчас манеўраў будзе адпрацаванае “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

У першы дзень вучэнняў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што манеўры праводзяцца “на значнай адлегласці ад паўднёвых і заходніх межаў” і не накіраваныя “супраць нейкай канкрэтнай краіны або краін”.

15 верасня Хрэнін заявіў, што ў вучэннях “Захад-2025” удзельнічае 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян.

Напярэдадні згаданых вучэнняў Літва павысіла пільнасць, Латвія — закрыла неба ля межаў з Беларуссю і РФ, Польшча — закрыла саму мяжу з Беларуссю.

Падзяліцца: