Мінск 18:17

У вучэннях “Захад-2025” удзельнічае 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян — Хрэнін

Ілюстрацыя: Мінабароны

15 верасня, Позірк. Падчас вучэнняў “Захад-2025” “упершыню сістэматызаваныя і адпрацаваныя пытанні прымянення і процідзеяння беспілотным лятальным апаратам”, заявіў 15 верасня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

“Нам удалося ў сістэму правядзення гэтага вучэння спланаваць пытанні прымянення зброі больш моцнага або магутнага паражэння, — цытуе Хрэніна прэс-служба Мінабароны. — Цяпер праходзіць другі этап вучэння, дзе адпрацоўваюцца пытанні аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці. Вучэнне праходзіць на трох палігонах і некалькіх раёнах мясцовасці Віцебскай і Мінскай і Гродзенскай абласцей. Усе раёны правядзення вучэння знаходзяцца ўдалечыні ад дзяржаўных межаў”.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў важнасць “атрымання досведу ад расійскіх калег” падчас вучэнняў.

Таксама чыноўнік звярнуў увагу на “адкрытасць” манеўраў. “Такую адкрытасць, якую мы праяўляем і забяспечваем на дадзеным вучэнні, цяжка сабе ўявіць. Галоўная прычына — нам няма чаго хаваць, гэта па-першае. Па-другое, мы зацікаўленыя ў зніжэнні напружанасці ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне і для гэтага робім рэальныя практычныя крокі. Мабыць, самы галоўны крок, які быў зроблены, — гэта прынятае нашым прэзідэнтам рашэнне аб адводзе асноўных дзеянняў войскаў углыб нашай краіны, што мы і зрабілі”, — удакладніў міністр.

“Другі, не менш значны крок, — гэта прынятае рашэнне аб зніжэнні параметраў правядзення гэтых вучэнняў. Колькасць войскаў, якія былі задзейнічаны на гэтым вучэнні, складае каля 7.000 чалавек. Гэта 6.000 вайскоўцаў ад Рэспублікі Беларусь і каля 1.000 вайскоўцаў ад Расійскай Федэрацыі. У адпаведнасці з Венскім дакументам, вучэнні з такімі параметрамі не падлягаюць уведамленню і не патрабуюць запрашэння назіральнікаў”, — дадаў Хрэнін.

Пры гэтым, паводле яго слоў, Мінабароны запрасіла назіраць за вучэннямі “ўсіх прадстаўнікоў удзельнікаў — дзяржаў Венскага дакумента”, чакалася больш за 100 чалавек. У рэчаіснасці ж назіральнікаў ад АБСЕ на манеўрах прадстаўляе адзін чалавек, адзначыў кіраўнік ведамства.

“Кожнае вучэнне, падрыхтоўка, асабліва правядзенне мерапрыемстваў падвяргаюцца мэтанакіраванай інфармацыйнай атацы. Чаго мы толькі не наслухаліся ад розных палітыкаў, экспертаў рознага ўзроўню — што мы пагражаем НАТО, што мы цяпер будзем захопліваць краіны Прыбалтыкі. Мы спакойна глядзім на гэтыя інфармацыйныя атакі, таму што, як я сказаў, нам няма чаго хаваць, мы рыхтуемся да абароны сваёй краіны”, — сказаў Хрэнін.

Раней паведамлялася, што за эпізодам вучэнняў “Захад-2025” на 227-м агульнавайсковым палігоне (Барысаў, Мінская вобласць) 15 верасня назіралі прадстаўнікі трох краін НАТО — ЗША, Турцыі і Венгрыі.

Усяго на вучэннях прысутнічаюць назіральнікі з 23 дзяржаў, адзначала Мінабароны.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў.

У першы дзень вучэнняў Хрэнін заявіў, што манеўры праводзяцца “на значнай адлегласці ад паўднёвых і заходніх межаў” і не накіраваныя “супраць нейкай канкрэтнай краіны або краін”.

Напярэдадні згаданых вучэнняў Літва павысіла пільнасць, Латвія — закрыла неба ля межаў з Беларуссю і РФ, Польшча — закрыла саму мяжу з Беларуссю.

Падзяліцца: