Мінск 17:22

Беларускія кампаніі прадалі Расіі 20 тыс. дронаў на 34 млн долараў — БРЦ

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com

15 верасня, Позірк. З пачатку 2022 года па чэрвень 2025-га 14 беларускіх кампаній паставілі ў Расію больш за 20 тыс. беспілотных лятальных апаратаў на 34 млн долараў, паведамляе Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ).

Найбуйнейшым вытворцам квадракоптараў у свеце з’яўляецца кітайская кампанія DJI (70% рынку). У 2022 годзе яна прыпыніла дзейнасць у РФ і Украіне, аднак “засталася самай папулярнай маркай беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюць у вайне, прычым абодва бакі”.

Пра тое, што Масква выкарыстоўвае ў вайне кітайскія БПЛА, летам паведамляла праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch. Яе эксперты ідэнтыфікавалі дроны, якія расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі для нападаў на Херсон.

У траўні 2022-га гэтымі беспілотнікамі зацікавілася Міністэрства абароны Беларусі, паведамляе БРЦ. Паводле звестак расследвальнікаў, ведамства тады вырашыла закупіць 56 квадракоптараў DJI Mavic 2 Enterprise Advanced. Пастаўшчыком было вызначана зарэгістраванае ў Мінску ТАА “Хобі-Парк”. Кошт кантракту перавысіў 1,8 млн рублёў (каля 700 тыс. долараў).

БРЦ сцвярджае, што менавіта гэтая кампанія з’яўляецца “найбуйнейшым пастаўшчыком БПЛА з Беларусі ў Расію (на 14,3 млн долараў)”.

“Гэта каля паловы кошту ўсіх беспілотнікаў, прададзеных беларускімі кампаніямі ў Расію з пачатку поўнамаштабнай вайны і да чэрвеня 2025 года ўключна. У 2022-м прыбытак кампаніі вырас амаль у 27 разоў і склаў 9,7 млн долараў (у наступныя два гады ён зніжаўся да 3 млн і 1,7 млн, але ўсё роўна быў у некалькі разоў большы, чым у 2021-м)”, — гаворыцца ў расследаванні.

Удакладняецца, што кампанія пастаўляла ў РФ БПЛА і акумулятары да іх беларускай і кітайскай вытворчасці.

У 2023 годзе DJI у каментарыі “Настоящему времени” назваў “Хобі-Парк” афіцыйным дылерам.

Заснаваў кампанію ў 2010 годзе грамадзянін Расіі, які нарадзіўся ў Крыме (Украіна), экс-дарадца намесніка міністра транспарту РФ Алег Бадэра і беларускі прадпрымальнік Дзмітрый Курносенка.

У снежні 2011-га ўладальнікамі кампаніі сталі беларусы Віктар Пылаеў і яго старэйшы сын Данііл.

Паводле звестак БРЦ, кампанія паставіла ў РФ 2.827 дронаў, у тым ліку вытворчасці DJI. Большасць яго пакупнікоў не маюць дачынення да вайсковых структур, але, як заяўляюць расследвальнікі, некаторыя з іх “прама ці ўскосна звязаныя з расійскім ВПК і продажам зброі”.

Два самых буйных кліенты кампаніі звязаныя паміж сабой, адзначаецца ў публікацыі. Першы — ТАА “Пазітрон”. За жнівень, кастрычнік і лістапад 2022 года яно купіла 1.026 дронаў амаль на 7 млн долараў. Другі — ТАА “Тайгер-Ган” (45 дронаў на 268 тыс. долараў).

У ліку пакупнікоў таксама АТ “Пергам-Інжынірынг” (13 дронаў DJI Mavic 3 на 77 тыс. долараў).

Яшчэ 31 квадракоптэр Mavic 3 на 119 тыс. долараў пастаўлены ТАА “ЕФТ Груп”.

Сярод беларускіх пастаўшчыкоў ёсць таксама ТАА “Альфа Арыён” (уваходзіць у групу кампаній aOrion і з’яўляецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій), яно прадае ў Расію сваю распрацоўку — дрон верталётнага тыпу Heli-E, які здольны перавозіць да 8 кг грузу.

За два гады (з верасня 2022-га да снежня 2024-га ўключна) кампанія паставіла расійскім арганізацыям, звязаным з ВПК, прадукцыі на 3,1 млн долараў.

Яшчэ адзін з “найбуйнейшых беларускіх пастаўшчыкоў беспілотнікаў у Расію — ЗАТ “КББВ”. Гэтая кампанія сярод іншага вырабляе беспілотны верталёт “Хантэр”, створаны для пошуку і знішчэння іншых беспілотнікаў, бронетэхнікі і людзей. Яго прэзентавалі ў 2021 годзе як “першы ў свеце беспілотны разведвальна-ударны верталёт”, падкрэслівае БРЦ.

Звяртаецца ўвага, што яшчэ адна распрацоўка КББВ стала базай для іншага расійскага “цяжкага” БПЛА — БАС-200. Пры гэтым журналісты БРЦ устанавілі, што ў некалькіх выпадках за расійскі БАС-200 выдавалі беспілотнікі беларускай вытворчасці.

“Усяго, паводле нашых падлікаў, у снежні 2022-га, студзені і сакавіку 2023-га КББ прадала 28 беспілотнікаў верталётнага тыпу беларускага паходжання расійскаму КумАПП амаль за 12 млн долараў”, — адзначаюць расследвальнікі.

Кампанію “Альфа Арыён” у 2017 годзе заснаваў Вадзім Чараўко. У 2024-м фірма перайшла яго цесцю Сяргею Засухіну. Сярод супрацоўнікаў прадпрыемства БРЦ выявіў чалавека, якога ў 90-я “называлі асабістым пілотам Аляксандра Лукашэнкі”: “Гэта Вадзім Мельнік, у 2021–2022 гадах ён кіраваў палётамі ў кампаніі, а раней, у 2001-м, быў намеснікам старшыні Дзяржкамітэта па авіяцыі Беларусі, у 2005-м узначаліў яго”.

Паводле слоў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, расійскія вайскоўцы толькі ў 2024 годзе атрымалі больш за 1,5 млн беспілотнікаў розных тыпаў, штодня на перадавую адпраўлялі каля 4 тыс. FPV-дронаў.

“На гэтым фоне Беларускія пастаўкі — каля 21 тыс. беспілотнікаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання — могуць здацца нязначнымі. Аднак важны момант: беларускія кампаніі пастаўлялі дроны, калі Расія ў іх востра мела патрэбу”, — падкрэслівае БРЦ.

Падзяліцца: