Мінск 19:34

Ціханоўская: Салідарнасць — злачынства ў сённяшняй Беларусі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

14 верасня, Позірк. “Кожны дзень на працягу пяці гадоў беларусаў затрымліваюць за палітычныя погляды, за антылукашэнкаўскія выказванні, за падтрымку Украіны, за ахвяраванні ўкраінскаму войску”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 14 верасня на першым Еўрапейскім форуме за свабоду і дэмакратыю.

“Салідарнасць цяпер — гэта злачынства, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Калі купляеш дзіцяці палітвязня калядны падарунак, можаш апынуцца ў турме на гады. І гаворка не пра дні, а пра пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў зняволення”.

Паводле слоў Ціханоўскай, рэжым Аляксандра Лукашэнкі “хоча знішчыць усё беларускае, правесці русіфікацыю”: “Яны робяць тое ж, што і на акупаваных тэрыторыях Украіны. І наша задача — захаваць ідэнтычнасць, адкрыць Беларусь Еўропе”.

“Варта памятаць: мітынгі на вуліцах — гэта толькі адна частка паўстання і рэвалюцыі. Важна стаяць разам, захоўваць адзінства, будаваць грамадства, якое супрацьстаіць рэжыму. За гэтыя пяць гадоў мы шмат дасягнулі”, — сказала яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што людзі, якія застаюцца ў Беларусі, перадаюць дэмсілам “інфармацыю аб тым, што адбываецца на месцах, робяць малыя акты сабатажу”. “Ёсць людзі з улады, побач з Лукашэнкам, якія таксама хочуць дапамагчы. Яны перадаюць інфармацыю, напрыклад, як абыходзяцца санкцыі, як рэжым мілітарызуе эканоміку і зарабляе на крыві ўкраінцаў. Яны таксама хочуць перамен, дэмакратызацыі, і дапамагаюць, як могуць”, — удакладніла палітык.

“Дэмакратыя — гэта адказнасць не толькі палітыкаў ці парламентарыяў, а кожнага чалавека. Кожны чалавек можа ўносіць свой уклад: распаўсюджваць праўду, размаўляць з суседзямі, дапамагаць іншым, паказваць сваю волю праз учынкі. Мы павінны трымаць адзінства, таму што дыктатары гуляюць на нашых пачуццях, хочуць разбурыць веру знутры. Мы не павінны дапусціць гэтага. Гэта мой пасыл усім людзям і народам, якія змагаюцца за перамены ў сваіх краінах, за дэмакратыю”, — адзначыла дэмлідар.

У сваім выступленні яна падзякавала прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за нядаўняе вызваленне 52 палітвязняў, падкрэсліўшы “шматлікія складанасці вакол гэтых так званых вызваленняў”.

“Людзей выпусцілі з турмаў, але яны не вольныя. Іх прымусова дэпартуюць з краіны. Яны не маюць выбару — застацца ў Беларусі ці быць адпраўленымі ў Літву. Гэта супярэчыць усякай справядлівасці”, — заявіла Ціханоўская.

Форум праходзіць 12–14 верасня на востраве Вентатэне (Італія). У ім удзельнічаюць еўрапейскія палітыкі, эксперты, журналісты, навукоўцы, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі і інш.

Падзяліцца: