Мінск 20:04

Сузаснавальнік групы “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу: Не спынімся, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя

Робін Вагенер
Відэазапіс на старонцы нямецкага парламентарыя ў сацсетцы Х / стоп-кадр: "Позірк"

13 верасня, Позірк. “Больш за 1.100 палітычных зняволеных усё яшчэ знаходзіцца за кратамі ў Беларусі”, — нагадаў сузаснавальнік міжфракцыйнай групы “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, дэпутат ад партыі “Саюз 90/Зялёныя” Робін Вагенер, каментуючы нядаўняе вызваленне групы вязняў.

“Мы не спынімся, пакуль усе яны не будуць вызваленыя”, — напісаў парламентарый на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Вагенер — сімвалічны хросны цяпер ужо былога палітвязня, журналіста Ігара Лосіка — з палёгкай адзначыў, што яго апекаванец, арыштаваны ў 2020 годзе за “абарону свабоды і дэмакратыі” і пасля прыгавораны да 15 гадоў зняволення, цяпер “у бяспецы ў Літве”.

“На працягу гэтых гадоў я спрабаваў быць побач з ім — як яго палітычны хросны, у парламенце, праз лісты, рэзалюцыі і акцыі пратэсту”, — паведаміў нямецкі дэпутат.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала парламентарыю за тое, што “ўсе гэтыя гады” ён быў “побач з Ігарам Лосікам” і “падтрымліваў беларусаў у барацьбе за свабоду”.

“Святкуючы яго вызваленне, мы павінны працягваць барацьбу да тае пары, пакуль усе палітвязні ў Беларусі не будуць на волі і не змогуць жыць у бяспецы ў сябе на радзіме”, — падкрэсліла палітык у адказ на паведамленне Вагенера.

11 верасня ў Мінску адбылася сустрэча намесніка спецпасланніка прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. У той жа дзень стала вядома, што “на просьбу прэзідэнта ЗША ды іншых кіраўнікоў дзяржаў” Лукашэнка прыняў рашэнне пра памілаванне “шэрагу замежных грамадзян, што былі асуджаныя за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці ды здзейснілі іншыя злачынныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Агулам ў той дзень адпусцілі і прымусова накіравалі ў Літву 51 зняволенага (у тым ліку 14 замежных грамадзян), яшчэ адзін — Мікалай Статкевіч — на мяжы адмовіўся пакідаць Беларусь. Інфармацыі пра яго лёс няма ўжо двое сутак.

Падзяліцца: