Амбасадар РФ назваў Мінск “месцам прыцягнення для ўсіх жыхароў Саюзнай дзяржавы”

13 верасня, Позірк. “Для ўсіх жыхароў Саюзнай дзяржавы Мінск па праве стаў месцам прыцягнення, дзе заўсёды пануе асаблівая, хатняя атмасфера”, — адзначыў амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, віншуючы 13 верасня жыхароў беларускай сталіцы з Днём горада.
Тэкст віншавання апублікаваны на сайце дыпламатычнага прадстаўніцтва РФ — краіны, якая разам з Беларуссю і ўтварае так званую “Саюзную дзяржаву”.
Сёння Мінск з’яўляецца “сучасным горадам з тысячагадовай гісторыяй”, які, паводле слоў расійскага дыпламата, “пакарае сваёй утульнасцю, унікальным каларытам, помнікамі архітэктуры розных эпох, шматлікімі сімваламі найбагацейшай цывілізацыйнай спадчыны брацкіх народаў Расіі і Беларусі”.
Грызлоў назваў Мінск “не толькі найважнейшым эканамічным, дзелавым і культурным цэнтрам”, але і “адной з ключавых міжнародных пляцовак на Еўразійскай прасторы”.
Паводле слоў амбасадара РФ, адначасова з 958-гадовым — згодна з агульнапрынятай версіяй — Мінскам “Дзень горада і сваё 878-годдзе сёлета адзначае Масква”. “Нашы гарады і краіны звязвае не толькі шматвяковая гісторыя, але і найвышэйшы ўзровень супрацы літаральна ва ўсіх галінах — прамысловасці, гандлі, аховы здароўя, адукацыі і культуры, турызма і спорта. Дастаткова сказаць, што прырост тавараабароту за апошнія два гады перасягнуў 30%, а турыстычны паток па выніках 2024 года павялічыўся амаль на 50%”, — адзначыў дыпламат, не прывёўшы канкрэтных лічбаў.
Дзень горада адзначаецца ў сталіцы ў другую суботу першага месяца восені (сёлета — 13 верасня). Афіцыйна лічыцца, што гораду 958 гадоў, адлік вядзецца ад згадкі ў Мінску (Менеска) у летапісе “Аповесць мінулых гадоў”.
2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.
Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, наколькі моцным будзе збліжэнне дзвюх краін.
Звязванне дзвюх краін інтэнсіфікавалася ў 2020 годзе — пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі Масква падтрымала Лукашэнку, а таксама ў 2022-м — пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, калі рэжым у Мінску надаў Крамлю тэрыторыю для нападу і стаў усяляк спрыяць яе агрэсіўным дзеянням.
Беларусь і РФ сталі імкліва збліжацца ў палітычным, вайсковым і эканамічным плане на фоне ўведзеных супраць іх дэмакратычнымі краінамі маштабных санкцый.

- ЭканомікаБеларусь пяты месяц запар не лідзіруе ў ЕАЭС ні па адным з сямі асноўных эканамічных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаДля вызваленых палітвязняў сабрана амаль 97 тыс. еўраМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка