Мінск 16:02

“Мінскметрапраект” стаў генеральным праектавальнікам метрапалітэна расійскага Новасібірска

Станцыя метро "Бярозавы Гай" у Новасібірску
Ілюстрацыйнае фота: welcome-novosibirsk.ru

13 верасня, Позірк. Прадпрыемства “Мінскметрапраект” стала генеральным праектавальнікам метрапалітэна Новасібірска, вынікае з апублікаванага 13 верасня паведамлення мэрыі расійскага горада.

Паводле інфармацыі гарадской адміністрацыі, дарожную карту “па ўдзеле беларускага боку ў праектаванні новасібірскага метро”, разлічаную на 2025–2028 гады, падпісалі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў і першы намеснік мэра Новасібірска Іосіф Кадалёў на Міжнародным форуме эканамічнай супрацы (прымеркаваны да 958-годдзя Мінска).

Згодна з дакументам, перадпраектная дакументацыя мае быць распрацаваная і зацверджаная з кастрычніка 2025 года па травень 2026-га; праектная і працоўная дакументацыя “на будаўніцтва выдзеленых чэргаў” — у 2026–2028 гадах.

“Сёння “Мінскметрапраект” дапамагае нам у галіне праектавання, падтрымку мінчане аказваюць і ў абнаўленні парку камунальнай тэхнікі. Вялікі аб’ём такой тэхнікі мы закупілі летась, супраца ў гэтым кірунку працягваецца”, — заявіў Кадалаеў.

Метро ў Новасібірску з’явілася ў студзені 1986 года — праз паўтара года пасля адкрыцця метрапалітэна ў Мінску. У расійскім горадзе пражывае каля 1,6 млн чалавек, падземны від транспарту прадстаўлены дзвюма лініямі з 14 станцыямі (у беларускай сталіцы жыве каля 2 млн чалавек; працуе тры лініі метро з 36 станцыямі).

Падзяліцца: