Мінск 23:59

Статкевіч не знаходзіцца дома, яго жонка не ведае, дзе ён — Марцалеў

12 верасня, Позірк. Палітык Мікалай Статкевіч не знаходзіцца дома, месцазнаходжанне 69-гадовага палітвязня невядома ягонай жонцы Марыне Адамовіч, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” грамадскі актывіст Сяргей Марцалеў.

“У мяне тлела надзея, што ўлады дадуць яму магчымасць жыць на волі, у Мінску, няхай і пад паліцэйскім наглядам. Пакуль абставіны ўказваюць на тое, што Мікалай Віктаравіч зноў арыштаваны. Хоць фармальна закрыць яго няма за што — 52 вязні былі памілаваныя Лукашэнкам. Адваротнага працэсуальнага дзеяння працэдура памілавання, наколькі мне вядома, не прадугледжвае”, — напісаў Марцалеў.

Статкевіч “заўсёды ўмеў зламаць шаблон сцэнарам уладаў”, падкрэсліў Марцалеў: “Сітуацыя нагадвае яго прэвентыўны арышт напярэдадні “Марша беспрацоўных у 2017 годзе”, калі палітыка без тлумачэння прычын трое сутак пратрымалі ў СІЗА КДБ, а прапаганда сцвярджала, што ён “недзе адседжваецца”.

Як паведамлялася, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская папрасіла прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі даведацца пра лёс Мікалая Статкевіча, сказала яна на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе.

11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “па просьбе прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і здзяйсненне іншых злачынных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Усяго памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.

Як мінімум адзін з іх — Мікалай Статкевіч — адмовіўся з’язджаць у Літву (дэпартацыя была ўмовай угоды Лукашэнкі з амерыканцамі). Некалькі гадзін ён правёў паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Мядзінінкай, пасля чаго пайшоў на беларускі бок. Пакуль яго лёс невядомы.

Падзяліцца: