Мінск 22:34

Фядыніч: Падабаецца гэта ўладзе ці не, але ў краіне павінна быць канструктыўная апазіцыя

12 верасня, Позірк. Ні адна ўлада, у тым ліку беларуская, не будзе мець перспектыў, калі ў краіне не будзе канструктыўнай апазіцыі, заявіў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе былы кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч — экс-палітвязень, вызвалены напярэдадні.

“Падабаецца гэта ўладзе ці не, але яна павінна быць, — перакананы аратар. — І гэты канструктыў павінен гучаць на ўсю краіну. Яго павінны чуць, і рана ці позна прыйсці да прапаноў, якія вылучае меншасць”.

Кажучы пра дзейную ў Беларусі судовую сістэму, Фядыніч падкрэсліў, што “ўжо даўно пара ўвесці суд прысяжных”.

“І тады шмат якія пытанні адпадуць, таму што доказаў няма. А ёсць толькі тэлефоннае права”, — заявіў экс-палітвязень.

Разважаючы пра знаходжанне ў калоніі, ён адзначыў, што важным з’яўляецца тое, “як ты сябе павядзеш”: “Мяне там звалі [па бацьку] — Фёдаравіч. Тыя, хто сядзеў па 15−20 гадоў, адзначалі, што гэта цудоўна, таму што ніхто іначай не зваў”.

Актывіст згадаў адзін эпізод: “Выклікаў да сябе начальнік аператыўнай часткі калоніі і спытаў, чым я планую займацца? Я кажу: магу ў калоніі стварыць прафсаюзную арганізацыю. Не-не, ты што? Ні ў якім разе. Канешне, гэта быў жарт”.

Паводле яго слоў, у зняволенні знаходзіцца “працэнтаў 80” людзей, на якіх “цяжка глядзець — проста слоў няма”.

Фядыніч распавёў пра раніцу дня вызвалення, калі некаторых людзей “спецыяльна вывезлі [з калоній] за дзень”: “Нас 13 чалавек аказалася ў адной камеры. Раніцай загучаў гімн. Ахова пытаецца: чаго вы не стаіце? Такая злосць у іх была, што людзей з раніцы не пакармілі: адмыслова налілі [паўкубка] гарбаты і паклалі лыжку нейкай кашы. Але ніхто з нас не стаў есці”.

Паводле яго меркавання, “па той бок кратаў” існуе нянавісць у адносінах да палітвязняў: “Складаецца ўражанне, што яны ўцягнутыя ў гэты працэс з мэтай зрабіць як мага горш людзям”.

5 студзеня 2023 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў 66-гадовага Фядыніча да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прафсаюзнага лідара прызналі вінаватым паводле арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), арт. 361¹ (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

Быў вызвалены 11 верасня 2025 года і разам з іншымі экс-палітвязнямі прымусова дэпартаваны ў Літву.

Падзяліцца: