Лукашэнка пра перамовы з ЗША: Мы ўстаканім сітуацыю, зробім, як трэба для нас

12 верасня, Позірк. Амерыканская дэлегацыя рэгулярна наведвае Беларусь з мэтай перамоў, заявіў 12 верасня Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ў Мінску рэканструяванага сядзібна-паркавага комплексу “Лошыцкі”.
“Мы з вамі ў 2020 годзе перажылі мяцеж. Разумелі, што магло б быць. Цяпер вы разумееце, гледзячы на Украіну. А мне даводзіцца кожны дзень працаваць з гэтым. Ведаеце, амерыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы з імі вядзем пэўныя перамовы. Мы ўстаканім сітуацыю. Зробім так, як гэта трэба для нас”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Лукашэнка адзначыў: “Не кажыце, што мы вось маленькая такая рэспубліка, мы нічога не можам. Гэта не залежыць ад памеру — маленькая, вялікая і гэтак далей. Цяпер гэта залежыць ад таго, наколькі мы адзіныя і наколькі мы хочам жыць на сваёй зямлі. Каб намі не кіравалі”.
“Таму будзем рабіць кожны на сваім месцы ўсё, каб тут жыць, працаваць, будаваць, мадэрнізаваць, але не ваяваць”, — сказаў прамоўца, які падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.
Паводле яго слоў, “на фоне палітыкі закрыцця межаў” Беларусь, дэманструе адкрытасць для замежнікаў.
“Вы нармальна павінны ўспрымаць замежнікаў. Мы ўвялі бязвіз для ўсіх. Для нас там закрываюць усё, а мы ім: “Прыязджайце, глядзіце!” Ну, нагрузка невялікая міліцыі, спецслужбам, але гэта іх праца, грошы ж яны за гэта атрымліваюць. Але сюды ж прыязджаюць не бедныя людзі. Яны прывозяць сюды грошы”, — заявіў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусь прыязджае шмат расіян: “Яны хочуць прыехаць, тут спакойна адпачыць. Але, самае галоўнае, паехала і сярэдзіна грамадства, расійскага асабліва. Звычайныя людзі — такія, як мы. Яны прыязджаюць сюды. Ужо з нас бяруць прыклад, як трэба жыць і развівацца”.
Лукашэнка таксама згадаў пра бульбу, з наяўнасцю якой у крамах былі праблемы ўвесну гэтага года. Ён заявіў, што сёлета яе выгадавалі дастаткова, каб цалкам закрыць патрэбы насельніцтва і паставіць на экспарт. Ён дадаў, што сітуацыю з недахопам бульбы прааналізавалі, фактараў, якія да яе прывялі, шмат. “Будзем з бульбай”, — запэўніў Лукашэнка.
11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “на просьбу прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў“ той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і якія ўчынілі іншыя злачынныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.
Агулам памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.
Як мінімум адзін з іх — Мікалай Статкевіч — адмовіўся з’язджаць у Літву (дэпартацыя была ўмовай угоды Лукашэнкі з амерыканцамі). Некалькі гадзін ён правёў паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Мядзінінкай, пасля чаго сышоў на беларускі бок. Пакуль яго лёс невядомы.
11 верасня ў Вільнюсе Коўл заявіў, што мэта ЗША палягае ў нармалізацыі адносін з Беларуссю.
На пытанне, наколькі цяжкімі былі перамовы і калі можна чакаць працягу працэсу вызвалення вязняў, Коўл адказаў: “За апошнія некалькі месяцаў мы дамагліся вызвалення агулам 68 чалавек. І мы спадзяемся, і мы вядзем перамовы, каб вызваліць усіх. Лічбы вагаюцца — скажам, 1.300 чалавек усё яшчэ там і павінны быць ужо вызваленыя. Я не ведаю, якая дакладная колькасць”.
“Але так ці інакш, перамовы ідуць, — сказаў ён. — Я казаў пра гэта з прэзідэнтам Беларусі. Мы абмяркоўваем гэта ўжо некалькі месяцаў, і мы становімся бліжэй да таго, каб сёе-тое зрабіць. Я думаю, што вызваленне 52 чалавек сёння — гэта быў вельмі добры жэст”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы з пачатку года падаражэлі на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка