Мінск 16:10

Муравейка заявіў пра гатоўнасць “адрэагаваць на любыя правакацыі” падчас вучэнняў “Захад-2025”

12 верасня, Позірк. Усе мерапрыемствы ў рамках беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025” “праводзяцца на значнай адлегласці ад паўднёвых і заходніх межаў” Беларусі, заявіў 12 верасня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны, вучэнні пройдуць у Віцебскай вобласці (мяжуе з Латвіяй), Гродзенскай (з Літвой і Польшчай) і Мінскай.

“Мы не пагражаем трэцім краінам і імкнемся адпрацаваць пытанні ў рамках падрыхтоўкі сваіх узброеных сіл сумесна з войскамі саюзнікаў”, — падкрэсліў кіраўнік Генштаба.

“Мы актыўна адсочваем ўсю вайсковую актыўнасць, якая адбываецца паблізу нашых межаў і гатовыя адрэагаваць на любыя правакацыі, якія могуць узнікнуць падчас правядзення вучэнняў”, — дадаў ён.

Муравейка сцвярджае, што мэтай вучэнняў з’яўляецца павышэнне “практычнай гатоўнасці органаў упраўлення і войскаў да сумесных дзеянняў”, а таксама ўдасканаленне “палявой вывучкі салдат, сяржантаў і афіцэраў”.

Асаблівасцямі вучэнняў ён назваў “актыўнае ўжыванне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў на розных этапах вядзення баявых дзеянняў, захаванне жывучасці і забеспячэнне кіравальнасці падраздзяленняў, выкарыстанне актыўных перашкод і ў тым ліку штучнага інтэлекту для падтрымкі прыняцця рашэнняў”.

Начальнік Генштаба паведаміў, што ў рамках манеўраў плануецца задзейнічаць “рабатызаваныя сістэмы, штучны інтэлект для каардынацыі дзеянняў, сродкаў агнявога паражэння, радыёэлектроннай барацьбы і дзеянні падраздзяленняў на полі бою”.

Маштабныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня. Раней паведамлялася, што падчас манеўраў будзе адпрацаванае “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Паводле звестак літоўскай вайсковай выведкі, у манеўрах возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.

Аб дадатковым умацаванні межаў з Беларуссю і РФ падчас вучэнняў “Захад-2025” паведаміла 9 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

10 верасня стала вядома, што па прапанове аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па мінскім часе 11 верасня да 2 гадзін 59 хвілін 10 снежня 2025 года ўведзена беспалётная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай.

11 верасня намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзарый Томчык заявіў, што ў бліжэйшыя дні на мяжы Польшчы з Беларуссю і Расіяй будзе размешчана каля 40 тыс. польскіх вайскоўцаў. Рашэнне звязана з вучэннямі “Захад-2025”.

Апоўначы 12 верасня (а 1 гадзіне ночы паводле менскага часу) Польшча таксама закрыла мяжу з Беларуссю як мінімум на перыяд беларуска-расійскіх вайсковых манеўраў “Захад-2025”.

Аб увядзенні забароны палётаў над усходняй мяжой Латвіі заявіў 11 верасня на прэс-канферэнцыі міністр абароны гэтай балтыйскай дзяржавы Андрыс Спрудс. Абмежаванні ў паветранай прасторы ля межаў з Беларуссю і Расіяй пачнуць дзейнічаць з 18 гадзін 11 верасня і працягнуцца “мінімум тыдзень”, сказаў ён.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: