Вызваленне Пачобута застаецца прыярытэтам Польшчы — Туск

12 верасня, Позірк. Пытанне вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута застаецца прыярытэтам для Варшавы на “перамовах з саюзнікамі і ўладамі Беларусі”, заявіў на прэс-канферэнцыі ўвечары 11 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
“[Пачобут] з’яўляецца першым у спісе нашых чаканняў”, — цытуе Туска TVN24.
“Я не выключаю, што гэта прычына, па якой яны не хочуць яго вызваляць”, — дадаў ён.
Кіраўнік урада адзначыў, што кожнае вызваленне польскіх грамадзян з беларускіх турмаў, асабліва асоб, асуджаных паводле палітычных матываў, “успрымаецца з задавальненнем”, хоць вынікі перамоваў з Мінскам застаюцца, паводле яго слоў, “вельмі недастатковымі”.
“Адно з маіх палітычных і асабістых жаданняў — каб мы дачакаліся таго моманту, калі Анджэй Пачобут будзе вольны. Але я не магу даць ніякіх гарантый, калі гэта адбудзецца”, — падкрэсліў Туск.
МЗС Польшчы напярэдадні выказала надзею, што Пачобут будзе ў наступнай групе вызваленых з беларускіх турмаў.
11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску стала вядома, што “на просьбу прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і якія ўчынілі іншыя злачынныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Усяго вызвалена 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.
Яны прымусова вывезеныя ў Літву адразу пасля вызвалення. Палітык Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і, як паведамлялася, пасля доўга знаходжання ў нейтральнай зоне пункта пераходу Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай) вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Яго месцазнаходжанне невядомае.
8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў (СПБ) Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.
Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні і прыняць выезд з Беларусі як умову датэрміновага вызвалення.
Пасля рашэння Пачобута Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).
Імя Пачобута “ўсплывала” падчас перамоваў па абмене зняволенымі паміж ЗША і РФ, паведаміў у эфіры TVP Info Яцэк Севера, які займаў тады пасаду кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы. Абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам адбыўся 1 жніўня 2024 года. Польшча выдала агента ГРУ Паўла Рубцова, пры гэтым не атрымаўшы каго-небудзь са сваіх грамадзян.
“Ход такога роду перамоваў кожны раз сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, пра якія я не магу тут распавесці. Аднак намаганні па вызваленні спадара Пачобута працягваюцца”, — сказаў Севера.
Кіраўнік СПБ Анжаліка Борыс у жніўні 2024 года сцвярджала, што Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення.
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка