Мінск 18:08

Намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Коўл зноў сустрэўся з Лукашэнкам у Мінску (дапоўнена)

Архіўнае фота: БелТА

11 верасня, Позірк. Намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага Джон Коўл зноў сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, вынікае з публікацыі ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы “Пул Першага“.

Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу “за тыя намаганні, якія ён робіць у кірунку міру“ ў еўрапейскім рэгіёне: “Сем-шэсць спыніў войнаў або канфліктаў, усё роўна. <…> Ён спыніў нямала канфліктаў — як гісторык кажу і як прэзідэнт, які ўжо доўга працуе. Ні адзін прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі не рабіў столькі намаганняў, такіх намаганняў, каб на планеце быў мір. <…> Самае галоўнае цяпер, каб Дональд, нягледзячы на яго такі бурны, выбухны характар, не астыў да гэтай тэмы. Галоўнае, каб вы вытрымалі той трэнд амерыканскі, які вы сёння задалі ў частцы мірнага пагаднення, асабліва тут у рэгіёне, у канфлікце Расіі і Украіны“.

Таксама Лукашэнка прапанаваў Коўлу “закрануць пытанні сітуацыі свету ў кантэксце інтарэсаў ЗША і Беларусі“ і эканамічнай тэматыкі: “Думаю, ёсць інтарэсы ў вас да Беларусі і праз Беларусь да Расіі ў галіне эканомікі. Натуральна, у нас вялікая цікавасць да вашай глабальнай краіны ў плане эканомікі. Вось прыкладна той комплекс пытанняў, якія я бачу, мы можам іх абмеркаваць, ну і больш дробныя пытанні ў кантэксце гэтых буйных“.

Коўл зачытаў віншаванне прэзідэнта ЗША і яго жонкі Мелані Трамп на адрас Лукашэнкі з днём нараджэння (30 жніўня. — “Позірк”.), адзначыўшы, што подпіс на дакуменце (“Donald“) — гэта “асаблівы знак сяброўства“.

“Мы глядзім з надзеяй у будучы год, мы молімся за ваша здароўе і дабрабыт, а таксама за прагрэс па дасягненні нашых сумесных мэтаў ад імя народаў ЗША і Беларусі“, — сярод іншага адзначаецца ў віншаванні.

У сустрэчы ўзялі таксама ўдзел намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт, прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў і кіраўнік КДБ Іван Церцель.

“Забраць да сябе” беларускіх палітвязняў Лукашэнка прапанаваў ЗША, адказваючы ў Мінску 22 жніўня на пытанні дзяржСМІ: “Хочаце паўтары ці дзве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, падрывалі, і яны гэта прызнаюць… Мы іх выпусцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае”.

Паводле слоў Лукашэнкі, тэма палітвязняў коратка закраналася ў яго тэлефоннай размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, які адбыўся 15 жніўня.

Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial пацвердзіў факт гутаркі з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам“, назваўшы яе “выдатнай”.

Пазней Лукашэнку патэлефанаваў Джон Коўл.

Кіт Келаг сустракаўся з Лукашэнкам 21 чэрвеня. Неўзабаве пасля сустрэчы стала вядома аб вызваленні 14 зняволеных, з якіх 11 праваабарончая супольнасць лічыла палітычнымі.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода“ Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнэсовец Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама былі вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны грамадзяне Польшчы (двое) і Японіі.

12 лютага з’явілася інфармацыя аб вызваленні па памілаванні палітвязняў Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога на той момант не раскрывалася (18 лютага стала вядома, што гэта 56-гадовы Мікалай Шугаеў, у якога таксама ўкраінскае грамадзянства). Усе яны адразу пакінулі Беларусь пры дапамозе Злучаных Штатаў.

Падзяліцца: