Туск: Значная частка БПЛА заляцела ў Польшчу з Беларусі

10 верасня, Позірк. Мінулай ноччу ў Польшчы зафіксавана і “дакладна адсочана” 19 парушэнняў паветранай прасторы, вядома пра “тры ці чатыры” збітыя БПЛА, заявіў 10 верасня ў польскім Сейме прэм’ер-міністр Дональд Туск.
“Новым, у горшым сэнсе гэтага слова, з’яўляецца кірунак, адкуль прыляцелі дроны. Упершыню ў гэтай вайне яны не прыляцелі з Украіны, у выніку памылак або дробных расійскіх правакацый. Упершыню значная частка дронаў прыбыла наўпрост з Беларусі”, — заявіў прэм’ер-міністр.
Паводле слоў Туска, улады Польшчы “поўныя рашучасці дзейнічаць у гэтых пытаннях як адзіны кулак, у поўнай згодзе, без найменшых рознагалоссяў”.
“У такія моманты ўсе мы павінны здаць экзамен на адзінства, якія б адрозненні нас ні падзялялі, якія б эмоцыі ні стаялі паміж намі. У гэтым пытанні не можа быць нават найменшай шчыліны, у якую праціўнік ці вораг — а сёння мы ўжо можам так назваць усходняга суседа — хацеў бы прасунуць свае лапы”, — падкрэсліў прэм’ер, не канкрэтызаваўшы, пра якую краіну ідзе гаворка.
Ён таксама заявіў, што “ўпершыню ў гісторыі адбылося збіццё варожых дронаў, расійскіх дронаў, над тэрыторыяй дзяржавы — чальца НАТО”.
Наперадзе “крытычна важныя дні”, звязаныя з вучэннямі “Захад-2025”, дадаў кіраўнік урада. Гэтыя манеўры, паводле яго слоў, пройдуць недалёка ад межаў з ЕС, іх трэба разглядаць “як нешта большае, чым дэманстрацыю, і як нешта большае, чым правакацыю”.
“Хачу асабліва падкрэсліць: сёння няма падстаў сцвярджаць, што мы знаходзімся ў стане вайны. Але няма сумневаў, што гэтая правакацыя выходзіць за ранейшыя рамкі і носіць непараўнальна больш небяспечны характар з пункту гледжання Польшчы, чым усе астатнія, усе папярэднія”, — падкрэсліў Туск.
У Польшчы “за ўсходняй мяжой”, адзначыў ён, сёння ёсць “палітычны вораг, які не хавае сваіх варожых намераў”.
“Надышоў час, калі агрэсіўныя намеры Расіі ўжо не пакідаюць ні найменшых сумневаў, а агрэсіўная паўсядзённая практыка Беларусі таксама не пакідае ніякіх сумневаў. <Важна>, каб вы не шукалі ворага на Захадзе — у гэтым няма прычыны. Нам дастаткова аднаго, рэальнага, на Усходзе”, — звярнуўся Туск да парламентарыяў.
На яго думку, “агульнай задачай” цяпер павінна заставацца “поўная мабілізацыя ўсяго Захаду”.
Апошні дрон быў знішчаны на тэрыторыі Польшчы ў 6:45, аперацыя пачалася ў 23:30 і праходзіла ўсю ноч, паведаміў прэм’ер-міністр. Ён нагадаў пра рашэнне ўладаў часова закрыць аэрапорты ў Варшаве, Модліне, Жэшуве і Любліне. Цяпер усе аэрапорты працуюць. Пацярпелых няма.
Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка расійскіх дронаў прыляцела ў Польшчу праз Брэсцкую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамляецца аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў прылёт расійскіх дронаў у Польшчу “вельмі небяспечным прэцэдэнтам для Еўропы”.
Начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што “па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 гадзін 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі [Беларусі] абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі”. “Тым самым апавясціўшы іх пра набліжэнне невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін”, — дадаў прадстаўнік ваеннага ведамства.
Паводле яго сцвярджэння, гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы.
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на другім месцы ў ЕАЭС па падаражэнні прампрадукцыі за годМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаУ ліпені ў ЕАЭС цэны на сельгаспрадукцыю выраслі толькі ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская дапусціла стварэнне часовага лагера ў выпадку масавай дэпартацыі палітвязняў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаБеларусь трэці месяц запар займае перадапошняе месца ў ЕАЭС па дынаміцы прамысловай вытворчасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка