Мінск 14:33

Маці загінулага ў калоніі палітвязня Паднябеннага паведаміла, што ён быў знойдзены павешаным

Андрэй Паднябенны
Крыніца: ПЦ "Вясна"

10 верасня, Позірк. Палітвязня Андрэя Паднябеннага, пра гібель якога стала вядома 8 верасня, знайшлі павешаным, вынікае з пастоў ягонай маці Валянціны ў расійскай сацыяльнай сетцы “Одноклассники“.

“Андрэй прымудрыўся павесіцца незразумела на чым у ШІЗА калоніі *пятнашкі*”, — напісала жанчына, маючы на ўвазе магілёўскую папраўчую калонію № 15.

У іншым пасце Паднябенная падзялілася: “Чамусьці думала, што яго павесілі з-за кансервавай банкі коштам 4000 у.а.”. Верагодна, гаворка пра спалены аўтамабіль, які ставілі ў віну яе загінуламу сыну.

36-гадовы Паднябенны памёр 3 верасня ў калоніі № 15 Магілёва, пра што паведаміла яго маці.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Паднябенны — грамадзянін Расіі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу суддзя Анатоль Сотнікаў прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

Палітвязень быў прызнаны вінаватым у падпале машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, праколе колаў 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні канала і чата ў “Тэлеграме“, якія аднесены да “экстрэмісцкага фарміравання“, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе.

3 студзеня 2023 года Гомельскі абласны суд вынес яшчэ адзін прыгавор Паднябеннаму, абвінавачанаму дадаткова па ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы). У выніку да 15 гадоў зняволення дадалося яшчэ 1 год і 8 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітвязень быў аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 37 тыс. рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук.

У 2022-2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла не менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што на пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата смерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калоніі або пасля шпіталізацыі.

Акрамя таго, некаторыя грамадзяне, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі, памерлі неўзабаве пасля вызвалення.

Падзяліцца: