Ціханоўскі і Кучынскі абмеркавалі з памочнікам Трампа вызваленне палітвязняў

9 верасня, Позірк. Вызваленне палітвязняў у Беларусі абмеркавалі 9 верасня палітык Сяргей Ціханоўскі і дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі са спецыяльным памочнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Чарльзам Маклафлінам.
Сустрэча прайшла ў Белым доме (Вашынгтон, ЗША), паведамляе прэс-служба беларускага дэмакратычнага лідара.
Адзначаецца, што “бакі абмеркавалі наступныя крокі ў справе вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і пошуку механізмаў, каб рэпрэсіі былі спыненыя”.
“Ціханоўскі падкрэсліў, што ў амерыканскіх медыя вельмі мала гаворыцца пра вызваленне палітвязняў і пра ролю Трампа ў гэтым працэсе”, — гаворыцца ў паведамленні.
Падкрэсліваецца, што ён падзякаваў Трампу “за сваё вызваленне пасля пяці гадоў зняволення і за яго намаганні дзеля вызвалення ўсіх 1.300 беларускіх палітычных закладнікаў”.
“Вельмі важна трымаць гэтую тэму на парадку дня, бо гаворка ідзе аб жыцці людзей. Калі прэзідэнту Трампу ўдасца дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў, гэта будзе вялікая перамога і для Белага дома, і для свабоднай Беларусі”, — заявіў Ціханоўскі.
“Працягваем супрацоўніцтва з адміністрацыяй ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў і спыненні рэпрэсій. Гэта ключавы крок на шляху да свабоды і дэмакратыі ў нашай краіне”, — адзначыў у сваю чаргу Кучынскі.
5 верасня Трамп чарговы раз згадаў пра Беларусь, нядаўняе вызваленне групы палітвязняў. “Але ў яго (Аляксандра Лукашэнкі. — “Позірк”.) 1.400 або 1.500 [закладнікаў], або нейкая вялікая колькасць, і мы размаўляем пра тое, каб іх вызваліць. Некаторыя, я мяркую, палітычныя. Многія з іх палітычныя. Падобна на тое, што іх збіраюцца вызваліць у нейкі момант у даволі найбліжэйшай будучыні”, — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.
21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек (паводле іншых звестак 16), пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
15 жніўня — перад сустрэчай з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Алясцы — прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з Лукашэнкам. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы TruthSocial амерыканскі палітык назваў “выдатнай” гутарку з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”.
Паводле слоў Трампа, ён пагаварыў з Лукашэнкам у тым ліку для таго, каб выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”: “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта Пуціна на Аляску”.
Пазней Лукашэнку патэлефанаваў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага Джон Коўл.
17 жніўня Трамп ізноў рассыпаўся ў кампліментах на адрас Лукашэнкі. У сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial ён напісаў: “Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1.300 [зняволеных] таксама хутка будуць выпушчаныя”.
Пры гэтым публікацыя ўтрымлівае гіперспасылку на пост профілю “kallitout”, у якім аўтар абвінавачвае неназваныя “левыя СМІ” ў замоўчванні пра Беларусь, дзе “прэзідэнт Трамп толькі што дамогся вызвалення [16] зняволеных”.
Дакладная колькасць палітвязняў у Беларусі невядомая. Існуе два сістэматызаваныя спісы, у якіх на 9 верасня фігуруе 1.194 (умоўная група праваабарончага цэнтру “Вясна”) і 1.328 (група ініцыятывы Dissidentby) чалавек.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка