Мінск 00:16

Ціханоўская: Закрыццё мяжы — прадказальны крок Польшчы ў адказ на агрэсіўныя дзеянні Пуціна і Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

9 верасня, Позірк. “Прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеянні [прэзідэнта Расіі Уладзіміра] Пуціна і [Аляксандра] Лукашэнкі” назвала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская закрыццё польска-беларускай мяжы падчас вучэнняў “Захад-2025”.

“Дыктатары працягваюць правакацыі супраць нашых суседзяў, адпрацоўваюць сцэнарыі эскалацыі, затрымліваюць нявінных людзей і выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю”, — заявіла палітык у відэазвароце ў сваім тэлеграм-канале.

“Лукашэнка вядзе Беларусь у ізаляцыю і ператварае яе ў крыніцу пагроз для рэгіёну. У той час, калі рэжым дзейнічае як саўдзельнік у вайне Расіі супраць Украіны, суседзі маюць права ўмацоўваць сваю бяспеку”, — падкрэсліла дэмлідар.

Паводле яе слоў, беларускі народ “не з’яўляецца пагрозай для сваіх суседзяў”. “Наадварот, большасць беларусаў супраць. Супраць вайны. Супраць расійскай прысутнасці. Супраць таго, каб наша зямля выкарыстоўвалася як плацдарм для агрэсіі”, — дадала Ціханоўская.

Пры гэтым, адзначыла яна, вельмі важна, каб “захоўваліся пасажырскія зносіны, таму што для беларусаў гэтая мяжа — мяжа са свабодным светам”.

“Мы кантактуем з Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў бліжэйшы час даведаемся, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні”, — сказала Ціханоўская.

Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасня Варшава закрые мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераходы.

Рашэнне звязана з беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025”, якія пройдуць 12–16 верасня. Туск назваў гэтыя вучэнні “вельмі агрэсіўнымі”, нагадаўшы, што яны будуць адбывацца “ў непасрэднай блізкасці ад польскай мяжы”.

Таксама прэм’ер згадаў пра затрыманне ў Беларусі польскага манаха Гжэгажа Гавела, назваўшы гэта прыкладам “надзвычай агрэсіўнай правакацыі” з боку Мінска і Масквы.

Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) жыхара Кракава Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння (пазней высветлілася, што ён манах-кармеліт), які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1”, які выйшаў у эфір 4 верасня. Польшча паабяцала адрэагаваць на здарэнне.

Як паведамлялася, падчас вучэнняў “Захад-2025” будуць адпрацаваныя “планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Паводле даных літоўскай ваеннай выведкі, у манеўрах возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: