Мінск 23:46

Персонай нон грата ў Чэхіі праз ўдзел у шпіёнскай сетцы прызнаны меркавана дыпламат Дукшта — СМІ

Крыніца: pixabay.com

9 верасня, Позірк. Беларускім дыпламатам, якога ўлады Чэхіі абвясцілі персонай нон грата, меркавана з’яўляецца Мікалай Дукшта. Да такой высновы прыйшла беларуская рэдакцыя “Радыё Свабода”, якая працуе у Празе.

Рэдакцыя прааналізавала дыпламатычны даведнік МЗС Чэхіі, у якім пералічваюцца акрэдытаваныя ў краіне замежныя дыпламаты.

З дакумента вынікае, што акрамя Дукшты, адказнага ў пасольстве за адміністрацыйныя пытанні, акрэдытацыю атрымала аташэ (ніжэйшы дыпламатычны ранг) Стэфанія Змітраковіч. На яе ў дыпмісіі ўскладзеныя консульскія і палітычныя пытанні, а ў адсутнасць амбасадара і іншых старшых дыпламатаў (акрамя дарадцы па адміністрацыйных пытаннях) Змітраковіч з’яўляецца часовай паверанай у справах Беларусі ў Чэхіі.

Паводле даных “Позірку”, так званыя дарадцы па адміністрацыйных пытаннях, як правіла, з’яўляюцца супрацоўнікамі беларускіх спецслужб, якія атрымалі дыпламатычны пашпарт, і непасрэдна падпарадкоўваюцца Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Аб раскрыцці шпіёнскай сеткі Мінска ў выніку сумеснай працы са спецслужбамі Венгрыі і Румыніі Служба бяспекі і інфармацыі (контрвыведка) Чэхіі паведаміла 8 верасня.

У той жа дзень МЗС краіны паведаміла, што беларускага дыпламата, які працаваў на спецслужбы, прызналі персонай нон грата. “Мы не працерпім злоўжывання дыпламатычным прыкрыццём у мэтах шпіянажу”, — падкрэслілі ў ведамстве.

У дыпламата ёсць 72 гадзіны, каб пакінуць Чэхію, паведаміла руская служба Чэшскага радыё.

“Гэты выпадак паказвае, што мы не павінны дапускаць злоўжыванняў Шэнгенскім пагадненнем у варожых мэтах. Агенты, якія карыстаюцца дыпламатычнымі прывілеямі, не павінны мець поўную свабоду дзейнічаць па ўсёй Еўропе. Я працягну дамагацца ўвядзення адпаведных абмежаванняў на еўрапейскім узроўні, у першую чаргу ў дачыненні да расійскіх дыпламатаў”, — заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.

Як паведаміла Агенцтва Еўрапейскага саюза па супрацоўніцтве ў галіне крымінальнага правасуддзя (Eurojust, Еўраюст), улады трох краін ЕС сумесна супрацоўнічалі дзеля затрымання грамадзяніна, падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе, “звязанай з пастаяннай перадачай дзяржаўных сакрэтаў”.

“Падазраваны двойчы сустракаўся ў Будапешце (Венгрыя) у 2024 і 2025 гадах з супрацоўнікамі выведкі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Гэтыя сустрэчы ўяўлялі пагрозу нацыянальнай бяспецы Румыніі”, — гаварылася ў заяве ведамства.

Паведамлялася, што раней падазраваны займаў кіраўнічую пасаду ў Службе інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы. У другой палове дня 8 верасня мужчына быў затрыманы ў Румыніі, “расследаванне ў дачыненні да падазраванага працягваецца”.

Як адзначала венгерскае выданне Telex, ім з’яўляецца Аляксандр Балан, які “таксама мае румынскае грамадзянства і раней займаў пасаду намесніка кіраўніка малдаўскай выведкі”. Мужчына, паводле інфармацыі выдання, “праводзіў свае канспіратыўныя сустрэчы з супрацоўнікамі беларускай выведкі летась і гэтай вясной”.

Затрыманы Балан, як паведамлялася, “вядомы ў Малдове ў асноўным як эксперт па пытаннях палітыкі бяспекі, але раней ён быў адным з самых высокапастаўленых супрацоўнікаў спецслужбаў краіны: у 2000 годзе ён паступіў на службу ў СІБ, з 2016 па 2019 год займаў пасаду намесніка гендырэктара і кіраваў контрвыведкай СІБ”.

У 2019 годзе Балан быў адхілены ад пасады і накіраваны ў Кіеў у якасці афіцэра сувязі, гэта значыць “з’яўляўся сувязным звяном паміж малдоўскімі і ўкраінскімі службамі”. У 2021 годзе тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся, яго адклікалі ў Малдову, але ён адмовіўся вяртацца і заставаўся ва Украіне яшчэ восем месяцаў.

Паводле даных СМІ, у поле зроку спецслужбаў падчас міжнароднай контрвыведвальнай аперацыі трапіў і беларус, які жыве ў Польшчы.

“Гэты чалавек, што пражывае непадалёк ад польска-беларускай мяжы, працуе таксістам і з’яўляецца членам беларускай апазіцыі. Роля таксіста цікавая, паколькі ён трапіў у поле зроку спецслужбаў праз беларускіх разведчыкаў, з якімі Балан сустракаўся ў Будапешце”, — піша выданне.

МЗС Беларусі на гэты момант сітуацыю не каментавала.

Падзяліцца: