Мінск 23:06

Літва ўзмоцніць ахову мяжы з Беларуссю падчас вучэнняў “Захад-2025”

Фота: freepik.com

9 верасня, Позірк. Аб дадатковым умацаванні межаў з Беларуссю і РФ падчас вучэнняў “Захад-2025” паведаміла 9 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Адзначаецца, што пасля пачатку міграцыйнага крызісу вясной 2021 года, а таксама ваеннага ўварвання РФ ва Украіну 24 лютага 2024-га ахова знешніх межаў Літвы была “значна ўзмоцненая тэхнічнымі, арганізацыйнымі і кадравымі сродкамі”.

У сувязі з вучэннямі “Захад-2025” узровень кантролю мяжы павышаецца “да яшчэ больш высокага”, гаворыцца ў паведамленні. “Больш актыўны маніторынг мяжы, патруляванне і іншыя кантрольныя мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца не толькі сіламі Службы аховы дзяржаўнай мяжы, але і з выкарыстаннем структур нацыянальнай абароны і Саюза стралкоў Літвы”, — паведамляе памежслужба.

Паводле меркавання САДМ, у перыяд правядзення вучэнняў не выключаныя “парушэнні мяжы і правакацыі супраць Літвы”.

“Будзе забяспечвацца аператыўнае рэагаванне на магчымыя інцыдэнты рознага характару з выкарыстаннем як узмоцненых сіл, так і дадатковых тэхнічных сродкаў памежнага кантролю, выведкі і іншых сродкаў, а таксама наяўнай інфраструктуры”, — заявілі ў САДМ.

У ноч на пятніцу 12 верасня Польшча закрые мяжу з Беларуссю, будуць закрытыя таксама чыгуначныя пераходы, паведаміў прэм’ер краіны Дональд Туск. Рашэнне звязана з запланаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025”.

Маштабныя вучэнні “Захад-2025” пройдуць 12–16 верасня. Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя “планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Паводле даных літоўскай ваеннай выведкі, у манеўрах возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: