Мінская міліцыя будзе караць за “несанкцыянаванае выкарыстанне” дронаў у Дзень горада

9 верасня, Позірк. Пра “недапушчальнасць несанкцыянаванага выкарыстання” дронаў у Дзень горада папярэдзіў на прэс-канферэнцыі 9 верасня ў Мінску начальнік Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў.
Дзень горада адзначаецца ў сталіцы ў другую суботу першага месяца восені (сёлета — 13 верасня).
“Звяртаю ўвагу на выкарыстанне разнастайных дронаў. Несанкцыянаваныя запускі будуць спыняцца, аператары будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — заявіў Гарохаў.
Прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама паведаміў, што асноўныя мерапрыемствы пройдуць 13 верасня ў цэнтральнай частцы сталіцы. Праход на пляцоўкі ля Палаца спорту і зялёную зону ў раёне праспектаў Пераможцаў і Машэрава будзе арганізаваны з 8:00 праз восем кантрольна-прапускных пунктаў, а на тэрыторыю Верхняга горада — праз шэсць КПП.
У месцы правядзення масавых мерапрыемстваў не дапусцяць асоб у стане алкагольнага ап’янення, а таксама тых, хто мае пры сабе забароненыя прадметы; у зонах правядзення мерапрыемстваў будзе абмежаваны рух сродкаў персанальнай мабільнасці, паведаміў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч.
1 красавіка 2024 года набыў моц указ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.
23 красавіка 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 165, скіраваны на рэгуляванне пытанняў выкарыстання грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў і авіямадэляў. Дакумент унёс змены ва ўказ № 297, у прыватнасці, быў спрошчаны парадак увозу ў Беларусь беспілотнікаў і авіямадэляў у інтарэсах сілавых, праваахоўных ды іншых арганізацый; у мэтах узмацнення кантролю за абаротам дронаў уведзены абавязак юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў папярэдне ўзгадняць продаж гэтай тэхнікі.
Сёлета 30 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прынялі праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”, які прадугледжвае сярод іншага адказнасць за дзеянні з беспілотнымі лятучымі апаратамі.
Прэс-служба ніжняй палаты парламента паведамляла, што пасля таго, як адпаведны закон набудзе моц, грамадзян, якія парушылі вызначаныя ўказам № 297 забароны, чакае адміністрацыйная адказнасць, а паўторнае здзяйсненне гэтых дзеянняў на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання прывядзе да ўзбуджэння крымінальнай справы.
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка