Мінск 16:32

Затрыманыя заснавальнікі і менеджары “аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў” Беларусі — МУС

Ілюстрацыйнае фота: wirestock / freepik.com

9 верасня, Позірк. Пра затрыманне сужэнцаў — заснавальнікаў “аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў” Беларусі, а таксама чатырох менеджараў кампаніі паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Юрыя Піцко.

“Высветлена, што камерцыйная структура, у якой працавала больш за тысячу кіроўцаў, пазначала ў бухгалтарскім уліку значна заніжаныя сумы заробку работнікаў, фактычна выплачваючы ім заробак “у канвертах” або налічваючы грошы пад выглядам кампенсацыі фіктыўных выдаткаў на паліва або абслугоўванне аўтамабіля”, — адзначыў міліцэйскі начальнік у відэакаментарыі, апублікаваным прэс-службай МУС.

Паводле слоў Піцко, “да пацвярджальных справаздач прымацоўваліся фіктыўныя чэкі”. Кіроўцы працавалі “без таксометраў і касавых падсумавальных апаратаў”, квітанцыі кліентам “не выдаваліся”.

“У выніку фірма не даплаціла ў бюджэт дзяржавы каля 5 мільёнаў рублёў, — паведаміў прадстаўнік МУС. — Атрыманы і абнаяўлены звышпрыбытак выдаткоўваўся на набыццё элітных аб’ектаў нерухомасці, транспартных сродкаў бізнес-класа, прадметаў раскошы”.

Піцко заявіў, што таксапарк, “каб пазбегнуць магчымага правядзення падатковай праверкі”, намінальна змяніў юрыдычны адрас.

“Аналагічную супрацьпраўную дзейнасць фігуранты вялі і пры кіраванні трыма раней ліквідаванымі так званымі “чорнымі таксапаркамі”, перааформленымі на падстаўных асоб — замежнікаў”, — сцвярджае спікер.

Паводле слоў Піцко, падчас вобшуку ў мужа і жонкі былі канфіскаваныя “дарагія аксэсуары, тры іншамаркі, буйная сума наяўных”. Сярод рэчаў, адзначыў ён, выяўленая “інструкцыя, як паводзіць сябе падчас допыту ў праваахоўных органах”.

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу.

29 ліпеня паведамлялася, што з 1 лістапада 2024 года Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый канфіскавала 307 аўтамабіляў-таксі, што не былі ўключаныя ў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах.

На 28 ліпеня 2025 года ў гэтым рэестры фігуравала 5,5 тыс. перавозчыкаў, 37 тыс. кіроўцаў і больш за 26 тыс. аўтамабіляў-таксі.

Мінтранс тады нагадаў, што “дзейнасць у сферы перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах” без уключэння звестак пра транспарт (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, аўтамабілі-таксі), кіроўцаў і дыспетчараў “з’яўляецца незаконнай і забараняецца” ў адпаведнасці з указам № 32 ад 25 студзеня 2024 года.

22 кастрычніка 2024 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заявіла пра дамінавальнае становішча ТАА “БелГо Корп” (“Яндэкс Go”) на рынку паслуг па арганізацыі перавозак пасажыраў аўтамабілямі-таксі ў Мінску і Мінскім раёне. Праз 4 месяцы, 26 лютага 2025-га, ведамства паведаміла, што для “Яндэкс Go” “вызначаны спосаб рэгулявання тарыфаў на паслугі па арганізацыі перавозак пасажыраў у выглядзе парадку вызначэння і прымянення цэн”.

14 лістапада 2024 года тэма перавозак абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. У студзені гэтага ён падпісаў указ № 32 “Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў”, які прадугледжваў стварэнне “рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах”.

У рэестр (аператар і ўладальнік — Транспартная інспекцыя) уключаюцца звесткі пра перавозчыкаў, транспартныя сродкі, кіроўцаў, дыспетчараў перавозак у нерэгулярных зносінах, дыспетчараў таксі.

Замежных дыспетчараў, якія хочуць працаваць на беларускім рынку, згаданы ўказ абавязвае ствараць юрыдычныя асобы на тэрыторыі краіны.

Падзяліцца: