Мінск 16:21

У літоўскім лесе ля мяжы з Беларуссю знойдзена цела мужчыны, як мяркуецца, нелегальнага мігранта

Літоўская загарода на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: D. Umbraso / LRT

9 верасня, Позірк. Непадалёк ад літоўскай вёскі Марцінконіс, у лесе ля мяжы з Беларуссю, ранкам 4 верасня было знойдзена цела мужчыны, асоба якога пакуль не высветленая, паведамляе партал навін Delfi.

Паводле інфармацыі медыя, арганізацыя Sienos grupė, якая дапамагае мігрантам, раней паведамляла пра трох грамадзян Ірана, якія “захраслі ў лесе” (двух знайшлі памежнікі, а трэці знік).

Прадстаўнік галоўнага камісарыята паліцыі Алітуса Крысціна Янулявічэне заявіла, што зараз вядзецца расследаванне — высвятляюцца прычыны смерці і асоба памерлага.

Праваахоўнікі падазраюць, што гэта мігрант, які нелегальна прыбыў у Літву з Беларусі. На карысць гэтай версіі, паводле звестак паліцыі, кажуць знойдзеныя ў нябожчыка рэчы.

3 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала рэкордную за апошнія гады колькасць спробаў незаконнага пранікнення на сваю тэрыторыю з Беларусі — 55.

Ад пачатку года Літва прадухіліла 1.172 спробы парушэння мяжы з беларускай тэрыторыі.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных ведамства, столькі ж было зарэгістравана 3 красавіка 2023 года, пасля гэтага — ад 0 да 54 (6 кастрычніка 2023 года). Больш спробаў — 57 — апошні раз адзначана 21 лістапада 2022 года.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта “паклікалі”.

Падзяліцца: