Мінск 05:02

У Чэхіі, Румыніі і Малдове раскрыта шпіёнская сетка Мінска

Крыніца: акаўнт контрвыведкі Чэхіі ў X / скрыншот "Позірку"

8 верасня, Позірк. Аб раскрыцці шпіёнскай сеткі Мінска ў выніку сумеснай працы са спецслужбамі Венгрыі і Румыніі паведаміла 8 верасня Служба бяспекі і інфармацыі (контрразведка) Чэхіі.

МЗС краіны паведаміў, што беларускага дыпламата, які працаваў на спецслужбы, прызналі персонай нон грата.

“Мы не пацерпім злоўжыванні дыпламатычным прыкрыццём у мэтах шпіянажу”, — падкрэслілі ў ведамстве.

Дыпламат мае 72 гадзіны, каб пакінуць Чэхію, паведаміла руская служба Чэскага радыё.

“Гэты выпадак паказвае, што мы не павінны дапускаць злоўжыванняў Шэнгенскім пагадненнем у варожых мэтах. Агенты, якія карыстаюцца дыпламатычнымі прывілеямі, не павінны мець поўную свабоду дзейнічаць па ўсёй Еўропе. Я працягну дамагацца ўвядзення адпаведных абмежаванняў на еўрапейскім узроўні, у першую чаргу ў дачыненні да расійскіх дыпламатаў”, — заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.

Як паведамляе Агенцтва Еўрапейскага саюза па супрацоўніцтве ў галіне крымінальнага правасуддзя (Eurojust, Еўраюст), улады трох краін ЕС сумесна супрацоўнічалі для затрымання падазронага ў дзяржаўнай здрадзе, “звязанай з пастаяннай перадачай дзяржаўных сакрэтаў”.

“Падазраваны двойчы сустракаўся ў Будапешце (Венгрыя) у 2024 і 2025 гадах з супрацоўнікамі разведкі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Гэтыя сустрэчы ўяўлялі пагрозу нацыянальнай бяспецы Румыніі”, — гаворыцца ў заяве ведамства.

Паведамляецца, што раней падазраваны займаў кіруючую пасаду ў Службе інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы. У другой палове дня 8 верасня мужчына быў затрыманы ў Румыніі, “расследаванне ў дачыненні да падазраванага працягваецца”.

Як піша венгерскае выданне Telex, ім з’яўляецца Аляксандр Балан, “які таксама мае румынскае грамадзянства і раней займаў пасаду намесніка кіраўніка малдаўскай разведкі”. Мужчына, паводле інфармацыі выдання, “праводзіў свае канспіратыўныя сустрэчы з супрацоўнікамі беларускай разведкі ў мінулым годзе і гэтай вясной”.

Затрыманы Балан, як паведамляецца, “вядомы ў Малдове ў асноўным як эксперт па пытаннях палітыкі бяспекі, але раней ён быў адным з самых высокапастаўленых супрацоўнікаў спецслужбаў краіны: у 2000 годзе ён паступіў на службу ў СІБ Малдовы, з 2016 па 2019 год займаў пасаду намесніка гендырэктара СІБ”.

У 2019 годзе Балан быў адхілены ад пасады і накіраваны ў Кіеў у якасці афіцэра сувязі, гэта значыць “з’яўляўся сувязным звяном паміж малдаўскімі і ўкраінскімі службамі”. У 2021 годзе тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся, яго адклікалі ў Малдову, але ён адмовіўся вяртацца і заставаўся ва Ўкраіне яшчэ восем месяцаў.

Паводле звестак СМІ, у поле зроку спецслужбаў падчас міжнароднай контрвыведніцкай аперацыі трапіў і беларус, які жыве ў Польшчы.

“Гэты чалавек, які жыве недалёка ад польска-беларускай мяжы, працуе таксістам і з’яўляецца членам беларускай апазіцыі. Роля таксіста цікавая, паколькі ён трапіў у поле зроку спецслужбаў праз беларускіх разведчыкаў, з якімі Балан сустракаўся ў Будапешце”, — піша выданне.

МЗС Беларусі на момант публікацыі сітуацыю не каментавала.

Падзяліцца: