Мінск 04:15

Ад Марыі Калеснікавай паўгода таму прыйшоў ліст — сястра

8 верасня, Позірк. Паўгода таму ад палітзняволенай Марыі Калеснікавай прыйшоў “вельмі кароткі [ліст], літаральна пару радкоў”, паведаміла 8 верасня ў эфіры ютуб-канала “Обычное утро” сястра актывісткі Таццяна Хоміч.

У лісце яна “перадавала ўсім прывітанне, казала, што ў яе ўсё добра”, адзначыла Хоміч.

Яна нагадала, што Калеснікава раней працяглы час знаходзілася ў рэжыме інкамунікада (без сувязі са знешнім светам).

Па стане на жнівень “была інфармацыя ад жанчын, якія выйшлі з калоніі, што Маша знаходзіцца ў атрадзе, яна не ізаляваная, працуе швачкай, ходзіць на фабрыку”.

“Па-ранейшаму з ёй забараняюць размаўляць іншым жанчынам, да яе пільную ўвагу, яе суправаджаюць калі яна кудысьці выходзіць, нават у прыбіральню”, — сказала Хоміч, дадаўшы, што расцэньвае гэта пазітыўна, “таму што гэта не ізаляцыя, у якой Маша была паўтара года, калі знаходзілася адна і фактычна памірала ад голаду”.

Акрамя таго, у актывісткі больш за 2,5 гады няма адваката. Цяпер з Калеснікавай “няма ніякіх у прынцыпе спатканняў, званкоў, якія пакладзены ўсім астатнім зняволеным”, няма магчымасці рабіць перадачы ні з прадуктамі, ні з рэчамі, дадала сястра.

Прыгавораная 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі Калеснікава была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба Віктара Бабарыка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкала.

7 верасня 2020 года Калеснікава была схоплена ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезена на мяжу з Украінай. Адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт, пасля чаго была ізноў затрыманая.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітвязні дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў медчастцы.

Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 года.

У інтэрв’ю BBC 23 кастрычніка ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт БРІКС, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці разгледзець прашэнне Калеснікавай аб памілаванні. Хоміч заявіла “Позірку”, што сям’я вітае гатоўнасць разгледзець заяву аб памілаванні.

43-гадовая палітзняволеная адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Паводле звестак “Позірку”, яна знаходзіцца ў атрадзе. Раней яе каралі пераводам у памяшканне камернага тыпу і штрафны ізалятар.

Падзяліцца: