Мінск 18:55

У Беларусі мяняюцца правілы выдачы дазволаў ахвочым паляваць на мядзведзя

Еўрапейскі буры мядзведзь
Ілюстрацыйнае фота: Kristin O Karlsen / unsplash.com

8 верасня, Позірк. З таго моманту, як “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” (БТПР) пачало разыгрываць дазволы сярод ахвочых паляваць на мядзведзя, было здабыта 10 асобін гэтага драпежніка, паведамляе тэлеграм-канал арганізацыі.

Адзначаецца, што “ў сувязі з абмежаванай колькасцю дазволаў і вялікай колькасцю ахвочых паспытаць поспеху”, а таксама “ў мэтах найбольш поўнага задавальнення патрэбаў членаў” БТПР у паляванні на мядзведзя, “права на здабычу” з 9 верасня будзе разыгрывацца толькі сярод тых паляўнічых, якія раней не перамагалі ў розыгрышах.

Арганізацыя таксама паведаміла, што апрача штотыднёвых розыгрышаў “да 30% ліміту вымання мядзведзя будзе рэалізавана ў рамках паляўнічых тураў з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь праз аўкцыён”, які адбудзецца 11 верасня.

Пра тое, што ўрад дазволіў паляванне на тэрыторыі Беларусі на мядзведзя і рысь, стала вядома з пастановы Савета міністраў ад 23 красавіка № 233.

Дазвол на здабычу мядзведзя для грамадзян Беларусі і іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза каштуе 500 рублёў (тут і далей — мінімальны лімітавы кошт), для прадстаўнікоў іншых дзяржаў — 1.000; рысі — 200 і 500 рублёў адпаведна.

Ахоўны статус зубра, мядзведзя і рысі ў Чырвонай кнізе паніжаны пастановай Мінпрыроды № 10 ад 14 сакавіка.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай працы Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах Павел Гештаўт на прэс-канферэнцыі летась у жніўні сказаў, што напрыканцы 1980-х гадоў колькасць папуляцыі бурага мядзведзя на тэрыторыі Беларусі складала каля 130 асобін, у 2004 годзе — 240, у цяперашні час — каля 800.

Паводле яго слоў, за 30 гадоў колькасць зуброў вырасла ў дзевяць разоў і перавысіла 2,7 тыс. асобін.

Тады ж Гештаўт анансаваў змены ахоўнага статусу жывёл.

18 сакавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы палявання і вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Дакументам дазволена паляванне на мядзведзя і рысь у “асаблівым рэжыме”, які дазваляе “кантралявана рэгуляваць іх колькасць, на падставе планаў кіравання папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі”.

19 кастрычніка 2022 года старшыня БТПР, былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў меркаванне, што “з пункту гледжання прыродаахоўнай дзейнасці Чырвоная кніга — рудыментарны інструмент”.

Чырвоная кніга Беларусі была заснаваная ў 1979 годзе. Яе першае выданне выйшла ў 1981-м на беларускай мове і ўключала 80 відаў жывёл і 85 — раслін.

Згодна з данымі на 21 ліпеня, былі забітыя дзве асобіны мядзведзяў: першую застрэліў паляўнічы з Брэсцкай вобласці Дзяніс Клімец, другую — падпалкоўнік міліцыі, былы намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Русановіч.

Падзяліцца: