Мінск 15:44

Амбасада ЗША ў Беларусі папярэдзіла пра наступствы парушэння тэрмінаў легальнага знаходжання на амерыканскай тэрыторыі

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio / pexels.com

8 верасня, Позірк. Пра наступствы парушэння тэрмінаў легальнага знаходжання на амерыканскай тэрыторыі папярэдзіла 8 верасня амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі.

“Выконвайце ўмовы вашай візы ў ЗША і не перавышайце дазволены тэрмін знаходжання, — заклікала дыпламатычнае прадстаўніцтва. — Знаходжанне ў ЗША пасля даты, пазначанай у форме I-94 (Admit Until Date), можа мець сур’ёзныя наступствы, такія як ануляванне візы, магчымая дэпартацыя і адмова у выдачы віз у будучыні. Перавышэнне тэрміну знаходжання можа назаўжды паўплываць на вашую магчымасць падарожнічаць, навучацца ці працаваць у ЗША”.

У картцы, якая суправаджае тэкставае папярэджанне, адзначана, што калі тая ці іншая асоба не пакіне ЗША ў вызначаны тэрмін або парушыць умовы візы, гэта можа прывесці “да яе анулявання, абмежаванняў на ўезд і сур’ёзных юрыдычных наступстваў”.

6 верасня Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў абноўленыя інструкцыі для просьбітаў віз, не звязаных з іміграцыяй, пры запісе на сумоўе.

“Заяўнікі на неіміграцыйныя візы ЗША (NIV) павінны запісвацца на сумоўе ў амбасадзе або консульстве ЗША ў краіне свайго грамадзянства або пражывання, — падкрэсліла амерыканскае знешнепалітычнае ведамства. — Грамадзяне краін, дзе ўрад ЗША не праводзіць рэгулярныя аперацыі па выдачы неіміграцыйных віз, абавязаныя падаваць заяву ў адмыслова вызначанай амбасадзе ці консульстве, калі толькі яны не пражываюць у іншай краіне”.

Для грамадзян Беларусі такімі вызначаныя прадстаўніцтвы ў Вільнюсе і Варшаве.

28 лютага 2022 года амбасада ЗША ў Мінску спыніла аказваць консульскія паслугі. З таго часу беларускія грамадзяне маглі праходзіць сумоўе для атрымання гасцявой, турыстычнай, дзелавой візы, напрыклад, у Азербайджане, Грузіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Польшчы, Сербіі, студэнцкай — у Польшчы, Казахстане.

Падзяліцца: