Мінск 21:41

Ціханоўская: Калеснікава мае быць вызваленая, як і іншыя палітвязні

Жаночае трыо: Марыя Калеснікава (справа), Святлана Ціханоўская (у цэнтры) і Вераніка Цапкала
Архіўнае фота: аб'яднаны штаб Святланы Ціханоўскай

7 верасня, Позірк. Марыя Калеснікава мае быць вызваленая, як і астатнія палітвязні, заявіла Святлана Ціханоўская з нагоды пятай гадавіны затрымання сваёй паплечніцы.

“Роўна пяць гадоў таму Марыя Калеснікава была выкрадзеная галаварэзамі рэжыму. З тых часоў яна ўтрымліваецца ў самых бесчалавечных умовах”, — адзначыла дэмакратычны лідар.

Паводле слоў Ціханоўскай, для Лукашэнкі палітычныя зняволеныя — “гэта разменная манета”. “Для нас яны героі”, — падкрэсліла палітык.

7 верасня 2020 года кіраўнік штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, пасля яго затрымання ў чэрвені — прадстаўнік аб’яднанага штаба кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай Марыя Калеснікава была схопленая ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт. Яе вярнулі ў краіну і прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Калеснікава адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Паводле звестак “Позірку”, яна знаходзіцца ў атрадзе. Раней яе каралі пераводам у памяшканне камернага тыпу і штрафны ізалятар. Падчас зняволення перанесла складаную аперацыю. Пасля сустрэчы з бацькам у лістападзе 2024 года ізноў утрымліваецца ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

Гл. таксама па тэме актуальны матэрыял палітычнага аналітыка “Позірку” Аляксандра Класкоўскага:

Когда выйдут Колесникова и другие? Лукашенко получил от Трампа третье предупреждение (на рускай мове)

Падзяліцца: