Мінск 19:45

Лукашэнка даў беларускае грамадзянства 323 асобам, якія прыбылі з 17 краін

5 верасня, Позірк. Указ аб прыёме ў беларускае грамадзянства 323 чалавекі падпісаў 5 верасня Аляксандр Лукашэнка.

Сярод іх 21 непаўналетні, адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

“Новымі грамадзянамі Беларусі сталі асобы, якія прыбылі з 17 дзяржаў. Яны пастаянна пражываюць у краіне больш за пяць гадоў, працуюць у розных галінах эканомікі, валодаюць дзяржаўнай мовай, выконваюць законы”, — гаворыцца ў паведамленні.

З якіх краін прыбылі асобы, прынятыя ў беларускае грамадзянства, не ўдакладняецца.

Папярэдні раз аналагічны ўказ Лукашэнка падпісаў 12 ліпеня — грамадзянамі Беларусі сталі 245 чалавек з 16 краін.

27 сакавіка гэтага года быў падпісаны ўказ пра прыём у беларускае грамадзянства 311 чалавек (у тым ліку 26 непаўналетніх), 26 жніўня 2024 года — 243, 11 чэрвеня 2024-га — 244.

Згодна з указам Лукашэнкі № 222 ад 21 ліпеня 2023 года, асобы, якія набываюць грамадзянства, павінны клясціся быць патрыётамі Беларусі, “выконваць і паважаць” Канстытуцыю і законы ў цэлым, “абараняць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць” Беларусі, “паважаць яе дзяржаўныя сімвалы, духоўныя, гістарычныя, культурныя і нацыянальныя традыцыі, захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа”, “паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб”.

У згаданым указе таксама вызначана “працэдура ўнясення” Лукашэнку “матэрыялаў аб страце грамадзянства” за ўдзел у “экстрэмісцкай дзейнасці” або “прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі асобамі, якія знаходзяцца за межамі краіны”.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: