Польшча не выкарыстоўвае манахаў для збору інфармацыі — прэс-сакратар міністра спецслужбаў пра затрыманне ў Беларусі “польскага шпіёна”

5 верасня, Позірк. “Арышт польскага грамадзяніна” Гжэгажа Гавела з’яўляецца “чарговай правакацыяй” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, скіраванай супраць Польшчы, заявіў прэс-сакратар міністра спецслужбаў Яцэк Дабжынскі.
“Польскія спецслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі пра вайсковыя манеўры”, — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
Варшава ведае, чым ёсць рэжым у Мінску і чаго ад яго чакаць, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які знаходзіцца ў ЗША, каментуючы інфармацыю пра затрыманне суайчынніка.
“Мы ўжо завяршылі ўнутрыўрадавыя кансультацыі. Перакананы, што гэтае пытанне не застанецца без адказу”, — цытуе кіраўніка МЗС polsatnews.pl.
Раней, адзначае тэлеканал, дзяржсакратар МЗС Марцін Басацкі заявіў на тэлебачанні, што сітуацыя з Гавелам “можа быць правакацыяй, а можа быць і выдумкай”.
“Мяне не здзіўляе, што беларусы зноў спрабуюць падагрэць польска-беларускія стасункі правакацыямі, — адзначыў чыноўнік. — Мы ўжо бачылі шмат падобнага, так што паглядзім, наколькі праўдзівыя словы беларусаў на гэты раз”.
Здарэнне ён назваў “нядобрым сігналам” з боку Мінска.
Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) грамадзяніна Польшчы, які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1”, які выйшаў у эфір 4 верасня.
Паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ затрымалі Гжэгажа Гавела, які пражывае ў Кракаве, 1998 года нараджэння (пасля высветлілася, што ён манах-кармеліт). Нібыта той праз сацыяльныя сеткі наладзіў кантакт з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацу ў інтарэсах польскіх спецслужбаў.
Сцвярджаецца, што супраца заключалася ў канспіратыўным зборы і перадачы закрытай інфармацыі, звестак пра камандны склад, а таксама пра супрацоўнікаў беларускай вайсковай контрвыведкі. Атрыманыя звесткі Гавел нібыта перадаваў польскім сілавікам.
У прыватнасці, сакрэтныя звесткі пра вайсковыя аб’екты Беларусі ён збіраў для Агенцтва ўнутранай бяспекі, а за перадачу патрэбных даных абяцаў не названаму ў рэпартажы беларусу штомесячную грашовую ўзнагароду.
Адзначаецца, што супрацоўнікі беларускай контрвыведкі затрымалі замежніка, як толькі ён атрымаў сакрэтны дакумент: у рэпартажы была прадэманстравана раздрукоўка на 8 старонках фармату А4 па тэме беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025”.
У дачыненні да грамадзяніна Польшчы ўзбуджаная крымінальная справа паводле арт. 358 (шпіянаж), вядзецца следства. “Усе падрабязнасці” справы дзяржпрапаганда абяцала расказаць “пазней”. На пачатку рэпартажу было адзначана, што затрыманыя грамадзяне Беларусі і Польшчы, аднак падрабязнасцяў пра магчымых беларускіх фігурантаў справы прыведзена не было. У сюжэце бачна затрыманне двух чалавек, адзін з якіх Гавел.
22 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель заявіў, што “толькі за мінулы перыяд 2025 года КДБ спынена дзейнасць 14 асоб — гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне, падкрэсліваю, якія ажыццяўлялі дзейнасць, звязаную са шпіянажам (гэта для замежнікаў) і здрадай дзяржаве, калі мы кажам пра Беларусь”.
ДзяржТБ рэгулярна паказвае сюжэты пра замежных “шпіёнаў” і іх злоў, зробленыя пры прамым удзеле высокапастаўленых супрацоўнікаў КДБ. Частка такіх матэрыялаў мае прапагандысцкі характар.

- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа год адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі павялічылася ў 1,5 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Мінску зафіксаваны першы тэмпературны рэкорд восені (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЗ Беларусі ў Польшчу залятаюць БПЛА, тэлефоны салдат на мяжы ўзломваюць — адстаўны генерал (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская прапанавала Аўстрыі адкрыць у Вене офіс дэмсіл, прызначыць спецпасланніка па Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаБеларусы сталі есці больш мяса і менш гародніныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 3–4 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка