Мінск 11:54

Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі абмеркаваў з амбасадарам Швейцарыі двухбаковыя стасункі, узаемадзеянне па лініі АБСЕ

Ілюстрацыйнае фота: Eberhard Grossgasteiger / unsplash.com

5 верасня, Позірк. Цяперашні стан і перспектывы двухбаковых стасункаў “у кантэксце існых рамачных умоў” абмеркавалі на сустрэчы 4 верасня ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта і амбасадар Швейцарыі Крысціна Хонегер-Залатухін.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі таксама абмеркавалі “ўзаемадзеянне з будучым старшынствам Швейцарыі” ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе “ва ўсіх трох вымярэннях АБСЕ” (палітыка-вайсковае, эканоміка-экалагічнае і чалавечае), а таксама “абмяняліся думкамі пра сітуацыю ў рэгіёне і свеце”.

Швейцарыя — адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якая на фоне рэпрэсій, што развярнуліся ў Беларусі, даслала ў Мінск дыпламата ўзроўню амбасадара — у 2022 годзе (член Еўрасаюза Венгрыя зрабіла гэта ў 2023-м, Славакія — у 2025-м, кандыдат на ўступленне ў ЕС Сербія — у 2024-м). Неўзабаве пасля ўручэння Крысцінай Хонегер-Залатухін у лютым 2022 года копій даверчых грамат была вызвалена асуджаная з палітычных матываў грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання Наталля Хершэ.

5 красавіка 2025 года амбасадар Беларусі ў Швейцарыі Аляксандр Ганевіч у інтэрв’ю расійскаму прапагандысцкаму агенцтву “РІА Новости” заявіў, што двухбаковая супраца прыпыненая, але Мінск не зацікаўлены ў доўгатэрміновай замарозцы стасункаў.

“Мы заклікаем нашых контрагентаў не гнацца за палітычнай кан’юнктурай, адмовіцца ад бяздумнага капіявання санкцый ЕС з прыцэлам перш за ўсё на доўгатэрміновыя перспектывы супрацы. Такі падыход мог бы стаць першым крокам у кірунку актывізацыі двухбаковага дыялога”, — сказаў Ганевіч.

Разам з тым Швейцарыя рэгулярна далучаецца да санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі, за што ўключаная Мінскам у спіс “недружалюбных дзяржаў”. Так, 12 жніўня швейцарскае Федэральнае міністэрства эканомікі, адукацыі і даследаванняў абвясціла пра тое, што краіна будзе прытрымлівацца абмежавальных мер ЕС супраць Беларусі, прынятых 18 ліпеня.

Швейцарскія грамадзяне могуць наведваць Беларусь без віз з 19 ліпеня 2024 года. Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 жніўня 2025-га швейцарскі народ з нацыянальным святам — Днём заснавання Канфедэрацыі, заявіў, што ў Беларусі “заўсёды радыя вітаць грамадзян Швейцарыі”. “[Яны] могуць наведаць нашу краіну ў любы час без візы і асабіста пераканацца ў тым, што ў нас камфортна і бяспечна”, — сцвярджаў палітык.

Падзяліцца: