Мінск 23:38

На беларуска-ўкраінскай мяжы ўз’ядналіся пяць украінскіх і пяць расійскіх сем’яў

4 верасня, Позірк. Пяць сем’яў з Расіі і пяць з Украіны ўз’ядналіся са сваімі блізкімі 4 верасня на беларуска-ўкраінскай мяжы пры пасярэдніцтве ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расіі Таццяны Маскальковай, паведамляе расійскае інфармагенцтва ТАСС.

“Усе мерапрыемствы, якія мы праводзім, у тым ліку і гуманітарнага плана, праходзяць люстрана на парытэтных пачатках. Сёння 5 на 5 [чалавек] з аднаго і з другога боку ўдзельнічалі ў працэсе ўз’яднання сем’яў“, — працытавала агенцтва расійскага амбудсмена.

Як і анансавалася раней, мерапрыемства прайшло ў Гомельскай вобласці з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) і беларускага боку.

Украінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец адзначыў, што сіламі яго офіса і МКЧК 4 верасня з акупацыі было вывезена 8 украінцаў. Пра ролю беларускага боку Лубінец не згадаў.

24 жніўня Украіна і Расія ў чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. З пачатку гэтага года Украіна і РФ правялі 17, а за ўвесь 2024 год — 12 этапаў абмену палоннымі.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель у інтэрв’ю Беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня) заявіў, што на той момант на тэрыторыі краіны было праведзена 38 аперацый абмену паміж Украінай і Расіяй.

Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, якая мае непарыўную мяжу як з РФ, так і з Украінай.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы рэжыму ў Мінску пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, уварваўшыся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: