Мінск 02:14

Узбуджана крымінальная справа пасля рассылкі па школах ад імя кіраўніка МУС папярэджанняў аб гвалце з боку ўдзельнікаў беларуска-расійскіх манеўраў

Стоп-кадр відэазапісу МУС: "Позірк"

4 верасня, Позірк. Крымінальная справа “за паклёп” заведзеная “па факце распаўсюджвання ад імя міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова загадзя ілжывых звестак”, паведаміла прэс-служба МУС.

Ведамства заявіла, што 3 верасня “на электронныя паштовыя скрыні розных устаноў адукацыі нашай краіны” паступілі лісты-папярэджанні аб гвалце з боку вайскоўцаў — удзельнікаў беларуска-расійскіх вучэнняў.

“МУС афіцыйна заяўляе: названыя паведамленні з’яўляюцца фэйкавымі! Яны накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў улады і стварэнне панікі ў грамадстве. Выпадкаў сексуальнага гвалту і эксплуатацыі дзяцей з боку вайскоўцаў не зафіксавана!” — падкрэсліла міністэрства.

Ведамства папярэджвае, што “за апублікаванне і распаўсюд інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці, а таксама за спараджэнне панікі і распальванне міжнацыянальнай варожасці прадугледжаная крымінальная адказнасць”.

У відэакаментарыі МУС паказаны сам ліст пад назвай “Аб выкананні інструкцыі і рэкамендацый“, датаваны 29 жніўня і адрасаваны “кіраўнікам устаноў адукацыі, дырэктарам школ і дзіцячых устаноў Рэспублікі Беларусь”. У ім сцвярджаецца, што “ў сувязі з правядзеннем сумесных вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключаючы ўдзел вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі, Міністэрства ўнутраных спраў фіксуе рост інцыдэнтаў, звязаных са злачынствамі супраць непаўналетніх”.

Са спасылкай на “звесткі аператыўнага маніторынгу“ заяўляецца, што “за апошнія месяцы адзначаны ўсплёск выпадкаў сексуальнага гвалту і эксплуатацыі дзяцей з боку асобных вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вучэннях”. “Асаблівую занепакоенасць выклікаюць інцыдэнты, звязаныя з асабовым складам з Расійскай Федэрацыі, дзе статыстыка паказвае павышаную рызыку“.

“Для прадухілення падобных здарэнняў і забеспячэння бяспекі“ нібыта “распрацаваная спецыяльная інструкцыя па выяўленні патэнцыйна небяспечных асоб сярод вайскоўцаў“. У лісце ўтрымліваецца просьба “ўзмацніць кантроль за перамяшчэннем навучэнцаў, асабліва ў сельскіх раёнах і прыгарадах, дзе вучэнні праводзяцца“.

З 12 да 16 верасня ў Беларусі пройдуць супольныя з РФ вучэнні “Захад-2025“.

Падзяліцца: