Мінск 13:53

Прэм’ер-міністр Славакіі папрасіў вызначыць яму час для наведвання Беларусі — прэс-служба Лукашэнкі

3 верасня, Позірк. Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам 3 верасня ў Пекіне папрасіў таго вызначыць час для наведвання Беларусі, каб абмеркаваць варыянты супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.

Напярэдадні абодва прарасійскія дзеячы правялі ў Кітаі перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Усе яны прыбылі для прысутнасці на парадзе з нагоды 80-годдзя перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Да нядаўняга часу Славакія была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Аднак восенню 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Фіца, які ў чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006-2010, 2012-2016 і 2016-2018 гадах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Міністр культуры Славакіі Марціна Шымкавічова ў сярэдзіне студзеня 2024-га скасавала загад папярэдніцы Наталлі Міланавай, які забараняў культурнае і акадэмічнае супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй. Забарона была ўведзеная ў сакавіку 2022 года праз развязаную РФ вайну супраць Украіны.

Лукашэнка сустракаўся з Фіца падчас ягонай ранейшай прэм’ерскай кадэнцыі ў Мінску ў лістападзе 2016 года, калі Славакія старшынствавала ў Еўрасаюзе. Таксама ён меў кароткую размову з Фіца сёлета 9 траўня пасля параду ў Маскве.

Афіцыйна Славакія як сябра ЕС уваходзіць у лік замежных дзяржаў, якія “ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”.

Славакія і Венгрыя — дзве краіны ЕС, прадстаўленыя ў Мінску на ўзроўні амбасадара. Ёзэф Мігаш, які ўжо займаў пасаду амбасадара Славакіі ў Беларусі ў 2016-2020 гадах, вярнуўся ў беларускую сталіцу і сёлета 11 чэрвеня ўручыў міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову копіі даверчых грамат.

“Я вырашыў, што я прыеду назад і паспрабую наладзіць стасункі паміж Беларуссю і Славакіяй, як былі раней — сказаў дыпламат у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1“ неўзабаве пасля ўручэння копій грамат. — Я проста не разумею, чаму мы, славакі і беларусы, славянскія краіны, блізкія па гісторыі, па мове <…>, павінны быць недружалюбнымі краінамі. Гэта глупства”. “Хацелі, каб я сюды прыехаў, і ўрад, і прэзідэнт“, — дадаў ён.

Пры гэтым Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе восенню 2023 года. Апошнім амбасадарам Беларусі ў Славакіі быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 года. Тады дыпламат, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.

У апошні час Славакія разам з Венгрыяй, якой кіруе прарасійскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан, актыўна процідзейнічаюць прыняццю ў рамках ЕС новых пакетаў антырасійскіх санкцый, у якія традыцыйна ўключаюцца і беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы.

Падзяліцца: