Мінск 02:14

Ціханоўская на форуме ў Бледзе: Цяпер галоўнае — разглядаць Беларусь як частку Еўропы (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 7–10.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

2 верасня, Позірк. Перамены ў Беларусі непазбежныя, але іх “трэба паскорыць”, заявіла 2 верасня на стратэгічным форуме ў Бледзе (Славенія) дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, якія прыводзіць прэс-служба, “унутры самой сістэмы” ў Беларусі “ўсё часцей кажуць пра транзіт” улады.

Ціханоўская адзначыла, што Еўропа многае зрабіла для Беларусі, ніколі раней беларуская тэма “не была так высока ў уўрапейскім парадку дня”.

“Цяпер галоўнае — разглядаць Беларусь як частку Еўропы. Працягваць прынцыповую палітыку, дамагацца вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Падтрымліваць журналістаў, праваабаронцаў, культурныя ініцыятывы. І разам глядзець у будучыню — у еўрапейскую Беларусь”, — сказала палітык.

Паводле слоў Ціханоўскай, у дэмакратычных сіл няма “сваёй дзяржавы і тэрыторыі”, але ёсць грамадства, якое “хоча перамен, і вялікая дыяспара тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму”.

“Мы шукаем спосабы дапамагчы ім: у пытаннях легалізацыі, дакументаў, адукацыі, каб Беларусь заставалася ў міжнародным парадку дня. Дапамагчы тым, хто працягвае змагацца ўнутры краіны. Мы працуем над захаваннем і пашырэннем сувязяў Беларусі з Еўропай”, — адзначыла дэмлідар.

На форуме Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнтам Славеніі Наташай Пірц-Мусар, міністрам замежных спраў гэтай краіны Таняй Фаён, еўракамісарам Хайджай Лахбіб, намеснікам міністра замежных спраў Украіны Аляксандрам Мішчанкам і іншымі палітыкамі, дыпламатамі і экспертамі.

Акрамя гэтага, прайшла сустрэча з дзяржсакратаром МЗС Германіі Фларыянам Ханам, на ёй абмяркоўвалася далейшая падтрымка незалежных СМІ (уключаючы беларускую рэдакцыю выдання Deutsche Welle), Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), падрыхтоўка да візіту Ціханоўскай у Берлін у кастрычніку, сумесныя дзеянні ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, а таксама пытанні легалізацыі беларусаў у Германіі.

Прэс-служба дэмлідара паведаміла, што на закрытых сустрэчах форуму абмяркоўваліся “магчымыя новыя крокі па вызваленні палітвязняў па гуманітарным трэку”.

У завяршэнне візіту ў Славенію Ціханоўская наведала горад Крань, дзе адкрылася выстава беларускага фатографа Паўла Крычко, прысвечаная падзеям 2020 года і беларускаму дэмакратычнаму руху.

1 верасня Ціханоўская паведаміла аб сваім удзеле ў Стратэгічным форуме ў Бледзе (Славенія) — “важнай платформе для абмеркавання складаных выклікаў сучаснасці”.

“Я сустрэнуся з палітычнымі лідарамі, каб абмеркаваць Беларусь і рэгіянальную бяспеку. Удзячная Славеніі за пастаянную падтрымку нашага дэмакратычнага руху”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

20-ы Стратэгічны форум у Бледзе праходзіць 1–2 верасня.

Падзяліцца: