Мінск 01:30

Лукашэнка абяцаў Пуціну быць “разам да канца” і “спыняць нацызм”

Відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Стоп-кадр: “Позірк”

2 верасня, Позірк. “Расію нам ніхто не заменіць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 верасня ў Пекіне падчас сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

“Працуем разам на ўсіх франтах і будзем працаваць. Калі прэзідэнт ЗША [Дональд Трамп] патэлефанаваў, <…> я сказаў, мы адна краіна”, — адзначыў Лукашэнка (па відэа ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы).

Паводле яго слоў, Расія ва Украіне “ваюе ў адзіночку”. “Мы як можам падтрымліваем [РФ] і будзем падтрымліваць. Публічна пра гэта кажу. Гэта бяда, але… Хто мае рацыю, хто вінаваты — час пакажа. Яшчэ дзякуй скажуць многія і многія, асабліва ў Еўропе. Што зноў у гэты складаны час нам даводзіцца спыняць нацызм, які мог перарасці ў фашызм. Таму, Уладзімір Уладзіміравіч, будзем разам да канца. Сваю ролю выконваць”, — сказаў ён.

Лукашэнка і Пуцін удзельнічаюць у Кітаі ў сумесных мерапрыемствах. 1 верасня яны бралі ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і ў саміце ў фармаце “ШАС плюс” з кіраўнікамі дзяржаў-назіральнікаў і міжнародных арганізацый.

3 верасня ў Пекіне Лукашэнка і Пуцін возьмуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных “80-годдзю Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны”, у тым ліку будуць назіраць за парадам, які пройдзе на плошчы Цяньаньмэнь.

Папярэдні раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ).

Падзяліцца: