Мінск 20:15

Распачаліся зборы з ваеннаабавязанымі, замацаванымі за тэрытарыяльнымі войскамі Маладзечанскага раёна і часткі Мінска

Тэрытарыяльная абарона
Ілюстрацыйнае фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

2 верасня, Позірк. “Планавыя навучальныя зборы” з ваеннаабавязанымі, прызначанымі для камплектавання тэрытарыяльных войск Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) і Кастрычніцкага раёна Мінска, праводзяцца з 2 верасня, абвясціла прэс-служба Міністэрства абароны.

Мэтай збораў названае “падвышэнне навыкаў службовых асоб выканаўчых камітэтаў у фармаванні вайсковых часцей тэрытарыяльных войскаў, а ваеннаабавязаных — у выкананні задач паводле прызначэння”.

Запланавана адпрацаваць “прыём ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў” і іх “ўсебаковае забеспячэнне з задзейнічаннем мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання”.

Камандны склад тэрытарыяльных войскаў, як чакаецца, “адновіць навыкі ў кіраванні падпарадкаванымі”, а ваеннаабавязаныя — падрыхтуюцца да выканання задач тэрытарыяльнай абароны.

“Афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты падвысяць свае навыкі ў тактычнай і агнявой падрыхтоўцы, выканаюць практыкаванні па кіраванні агнём артылерыі і навучальныя стрэльбы на палігонах Узброеных сіл”, — адзначае Мінабароны.

Зборы завершацца камандна-штабнымі манеўрамі.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: