Мінск 14:49

У жніўні на аб’ектах АПК пажары знішчылі або пашкодзілі 25 адзінак тэхнікі, ад пачатку года — 42

Архіўнае фота: Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС

2 верасня, Позірк. За апошнюю дэкаду жніўня на аб’ектах аграпрамысловага комплексу адбылося 13 пажараў, у выніку якіх было знішчана або пашкоджана пяць адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трактар ​​МТЗ-952 быў знішчаны 23 жніўня на адкрытай тэрыторыі малочнатаварнага комплексу ля вёскі Чаравач (Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці). 29 жніўня ў полі ля вёскі Іванічы (Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) агонь пашкодзіў маторны адсек, кабіну, два колы і лакафарбавае пакрыццё камбайна.

У Гродзенскай вобласці агнём пашкоджаныя два прэс-падборшчыкі — 21 жніўня ў полі ля вёскі Старчаняты (Іўеўскі раён), 29 жніўня ля вёскі Сачыўляны (Дзятлаўскі раён), адна адзінка гэтай тэхнікі знішчаная — 30 жніўня ля аграгарадка Гервяты (Астравецкі раён).

На аб’ектах АПК адбыліся і іншыя здарэнні: знішчана 344 тоны саломы ў рулонах і цюках і 5 тон трыцікале, пашкоджаны металічны корпус сушыльнага бункера на плошчы 8 квадратных метраў і 8 пагонных метраў транспарцёрнай стужкі сушыльнай шахты ў зернесушыльных комплексах.

Такім чынам, за восем месяцаў на аб’ектах АПК знішчана або пацярпела 42 адзінкі тэхнікі (у 2024-м — мінімум 73), паказаў праведзены “Позіркам” агляд паведамленняў МНС.

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), ільноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапальнікаў — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасаджалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: