Мінск 14:49

Лукашэнка перакананы, што ў Беларусі і В’етнама будуць “маштабныя сумесныя праекты”

Ілюстрацыйнае фота: Micah Camper / unsplash.com

2 верасня, Позірк. Беларусь і В’етнам чакае пераход да “якасна новага этапу” двухбаковых стасункаў, такое меркаванне 2 верасня выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы з 80-годдзем абвяшчэння незалежнасці В’етнама генеральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі гэтай краіны То Лама.

Паводле слоў віншавальніка, якія прыводзіць яго прэс-служба, “стратэгічнае партнёрства” дзвюх краін “адзначыцца далейшым паглыбленнем палітычнага дыялога, дыверсіфікацыяй напрамкаў эканамічнай супрацы, рэалізацыяй маштабных сумесных праектаў, узгодненымі дзеяннямі па рэагаванні на глабальныя і рэгіянальныя выклікі”.

Візіт То Лама ў Беларусь сёлета ў траўні Лукашэнка назваў “яркім сімвалам непарушнага беларуска-в’етнамскага сяброўства”.

У віншаванні прэзідэнту Лыёнгу Кыёнгу беларускі палітык звярнуў увагу, што ў сувязях Мінска і Ханоя даўняя гісторыя, на працягу якой Беларусь з “захапленнем назірае за поспехамі В’етнама ў дасягненні амбітных мэтаў палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця”.

“Умацаванне шчыльных сувязей з В’етнамам як галоўным партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі — безумоўны прыярытэт Беларусі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

На сустрэчы 12 траўня ў Мінску Лукашэнка заявіў То Ламу пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі ў В’етнам.

“Адкрыта можна казаць сёння пра тое, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне вайскова-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраенняў у В’етнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць”, — сказаў спікер свайму суразмоўцу.

Беларусь і В’етнам маюць двухбаковую камісію па вайскова-тэхнічнай супрацы. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, апошняе — 18-е — пасяджэнне адбылося ў В’етнаме ў 2019 годзе. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў Раман Галоўчанка, які тады займаў пасаду кіраўніка Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта (у 2020–2025 гадах — прэм’ер-міністр, з 10 сакавіка 2025-га — старшыня праўлення Нацыянальнага банка).

У снежні 2024 года дэлегацыя Дзяржкамваенпрама ўдзельнічала ў выставе VIETNAM DEFENCE EXPO 2024. Тады паведамлялася, што кіраўнік ведамства Дзмітрый Пантус як кіраўнік беларускай дэлегацыі ў вышэйзгаданай камісіі сустрэўся з яе сустаршынёй з в’етнамскага боку, намеснікам міністра нацыянальнай абароны Ле Х’ю Вінем. Яны абмеркавалі “рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей, разгледзелі пытанні тэхналагічнай супрацы, а таксама намецілі шэраг новых напрамкаў для сумеснай працы на бліжэйшыя гады”.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, 13 сакавіка 2025 года ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прынялі в’етнамскую дэлегацыю, якая азнаёмілася “з магчымасцямі вайскова-тэхнічнага факультэта па навучанні вайскоўцаў Узброеных сіл Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам”.

Пасля перамоў Лукашэнка і То Лам прынялі сумесную заяву пра усталяванне стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.

Акрамя таго, адпаведныя ведамствы дзвюх краін падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавай трансфармацыі і лічбавай эканомікі і аб супрацы ў сферы навукі, тэхналогій і інавацый.

Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры, спорту і турызму В’етнама прынялі праграму супрацы ў галіне культуры на 2026–2028 гады. Праграму супрацы на 2025–2027 гады падпісалі міністэрствы юстыцыі дзвюх краін. Міністэрствы аховы здароўя Беларусі і В’етнама абмяняліся тэкстамі заключанага мемарандума аб супрацы ў сферы фармацэўтыкі.

То Лам быў абраны генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама — летась у жніўні. Па факце пазіцыя партыйнага лідара вышэйшая за пазіцыю прэзідэнта.

На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня 2024 года ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася напрыканцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрытае генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: