Мінск 20:05

Беларускі Дом у Варшаве папярэдзіў, што запрашэнні ад яго імя паўдзельнічаць у даследаванні — правакацыя спецслужб

Лагатып Беларускага Дома ў Варшаве
Крыніца: старонка арганізацыі ў "Фэйсбуку"

1 верасня, Позірк. Беларускі Дом у Варшаве папярэдзіў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што не дасылае ніякіх запрашэнняў паўдзельнічаць у даследаванні.

“Мы атрымалі інфармацыю, што рэпрэсаваныя беларусы ў Польшчы і іншых краінах пачалі атрымліваць паведамленні з запрашэннем паўдзельнічаць у нібыта “даследванні”, дзе збіраецца інфармацыя пра аказаную дапамогу, — гаворыцца ў заяве. — Гэта правакацыя беларускіх спецслужб. Беларускі Дом не збірае інфармацыю пра рэпрэсаваных і тым больш не вядзе камунікацыю праз сацыяльныя сеткі”.

Падкрэсліваецца, што адзіны бяспечны і надзейны канал камунікацыі для атрымання дапамогі ад Беларускага Дома — адрас электроннай пошты [email protected].

Кіраўнік Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, што “рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] працягвае паляваць нават на тых, хто вымушана пакінуў краіну”.

“Мы заўсёды на баку тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і будзем рабіць усё, каб дапамога заставалася бяспечнай і даступнай. <…> Мы разглядаем такія дзеянні як спробу правакацыі з боку беларускіх спецслужбаў, мэтай якіх з’яўляецца збор інфармацыі пра рэпрэсаваных, іх сем’і і асяроддзе”, — напісаў ён.

Беларускі Дом у Варшаве заклікаў усіх беларусаў у Польшчы ды іншых краінах быць пільнымі, не перадаваць свае асабістыя звесткі ў адказ на сумнеўныя паведамленні ды інфармаваць пра падобныя інцыдэнты праваабаронцаў і надзейныя арганізацыі.

Беларускі Дом у Варшаве афіцыйна зарэгістраваны ў красавіку 2012 года ў якасці фонда.

Арганізацыя дапамагае палітычным уцекачам і рэпрэсаваным беларусам (юрыдычныя кансультацыі, часовы прытулак, афармленне дакументаў); падтрымлівае грамадскія і праваабарончыя ініцыятывы; працуе як пляцоўка для сустрэч дыяспары, дзе можна атрымаць інфармацыю, дапамогу; супрацоўнічае з польскімі і еўрапейскімі інстытутамі, каб падтрымліваць беларускую тэму ў Еўропе.


Падзяліцца: